У студэнтаў ЕГУ пытаюцца, хто аплачваў іх навучанне
Прычым цікавіць перыяд з 2016 года.
Мяркуючы па пастанове аб завязенні крымінальнай справы, да людзей прыйшлі за аплату навучання ў ЕГУ, пачынаючы з 2016 года, піша «Вясна».
«Неўстаноўленыя асобы не раней за 30.04.2016 ажыццявілі прадастаўленне і збор грашовых сродкаў, каштоўных папер і іншай маёмасці для свядомага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі «Еўрапейскі гуманітарны універсітэт», прызнанай такой рашэннем Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2026», гаворыцца ў пастанове.
14 красавіка Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які дзейнічае ў Вільні, быў прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкай арганізацыяй.
З пачатку месяца ў Беларусі пачаўся пераслед, звязаны з ЕГУ. Сілавікі распачалі крымінальную справу за садзейнічанне і фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці».
У межах гэтай справы па ўсёй краіне праходзяць ператрусы ў людзей, якія маюць дачыненне да ўніверсітэта. Праваабаронцам вядома больш чым пра 30 ператрусаў.
Так, у Віцебскай вобласці сілавікі прыйшлі з ператрусамі да былых студэнтаў, якія ўжо скончылі ўніверсітэт або пакінулі яго, не завяршыўшы навучанне. Іх таксама цікавіла, хто аплачваў навучанне.
Чытайце таксама:
ЕГУ заявіў пра ўзмацненне падтрымкі студэнтаў, выкладчыкаў і іх сем’яў
Больш за 30 ператрусаў па ўсёй краіне. Што вядома пра «справу ЕГУ» і як абараніць сябе і блізкіх
Некалькі выкладчыкаў ЕГУ з прызнаннем універсітэта экстрэміcцкай установай спынілі супрацоўніцтва
Каля 100 студэнтаў пакінулі ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй»