Больш за 30 ператрусаў па ўсёй краіне. Што вядома пра «справу ЕГУ» і як абараніць сябе і блізкіх
У Беларусі разгортваецца маштабны пераслед, звязаны з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам. Сілавікі распачалі крымінальную справу за садзейнічанне і фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці», у межах якой праваабаронцам «Вясны» вядома ўжо больш за 30 ператрусаў у выпускнікоў, студэнтаў і іншых датычных да ўніверсітэта людзей, а таксама іх сваякоў. Каб вымусіць студэнтаў вярнуцца з Літвы, КДБ ідзе на цынічны шантаж — пагражае крымінальным пераследам іх бацькам. «Вясна» расказвае, што вядома пра новую рэпрэсіўную кампанію і як дзейнічаць у выпадку небяспекі.

Што вядома на сёння
2 чэрвеня па ўсёй краіне прайшлі масавыя ператрусы і допыты ў датычных да ўніверсітэта людзей, а таксама ў іх сваякоў. 3 і 4 чэрвеня ператрусы працягнуліся. Вядома, што допыты і ператрусы праходзіць паводле артыкулаў за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». На цяперашні момант праваабаронцам вядома пра больш за 30 ператрусаў.
Бацькоў вымушаюць звязвацца з дзецьмі, якія вучацца ў ЕГУ і жывуць у Літве, каб тыя адлічыліся і вярнуліся ў Беларусь. Ім даюць да 10 дзён на выключэнне з універсітэта. Сілавікі адкрыта кажуць — калі іх дзеці не адлічацца з ЕГУ, то па крымінальнай справе будуць затрыманыя іх бацькі. Вядома, што некаторыя сваякі студэнтаў ужо затрыманыя.
Таксама КДБ прыходзіць да выпускнікоў універсітэта — вядома, пра выпускі ад 2019 да 2025 года. У іх патрабуюць паказваць дыпломы аб сканчэнні.
Як праходзяць ператрусы па «справе ЕГУ»
Да бацькоў аднаго з выпускнікоў, якія жывуць у буйным беларускім горадзе, прыйшлі два чалавекі, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ. Пры гэтым ніякіх дакументаў яны не паказалі, а імя і прозвішчы называць адмовіліся. Бацькам адразу далі зразумець, што ператрус праводзіцца ў межах крымінальнай справы за супрацоўніцтва з «экстрэмісцкім фармаваннем». Прычынай стаў выпуск іхняга дзіцяці пасля навучання ў ЕГУ.
Сам ператрус адбываўся ў спакойнай манеры, вёўся адпаведны пратакол. Аднак пасля заканчэння аператыўнага дзеяння ніякія дакументы на рукі бацькам выдадзеныя не былі. Сілавікі запатрабавалі, каб выпускнік даслаў ім электронным спосабам копію дыплома, які пацвярджае заканчэнне навучання ва ўніверсітэце — у такім выпадку, малады чалавек нібыта пазбегне пакарання.

Што рабіць?
Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва адзначае, што пад пераслед трапілі не толькі студэнты ЕГУ, але і іх бацькі, асабліва калі яны плацілі за навучанне ці проста нават пераводзілі грошы сваім дзецям, каб забяспечыць пражыванне ў Літве.
«Прызнанне ЕГУ «экстрэмісцкім фармаваннем» і далейшы пераслед студэнтаў ёсць парушэннем шэрагу правоў чалавека, у тым ліку права на адукацыю, акадэмічнай свабоды і свабоды выказвання меркавання, а таксама стандартаў справядлівага судовага разбіральніцтва. Агулам, гэта яшчэ адзін прыклад транснацыянальнага пераследу і можа разглядацца як працяг злачынстваў супраць чалавечнасці», — заяўляе юрыстка «Вясны».
Вобшукі
Студэнты, выпускнікі і іх бацькі сутыкаюцца з вобшукамі жылля, допытамі, нефармальнымі роспытамі з боку сілавікоў, праверкамі тэлефонаў і запужваннямі.
«Раю студэнтам, калі да іх яшчэ не прыходзілі, падрыхтавацца да гэтага, а таксама падрыхтаваць бацькоў да магчымых вобшукаў жылля і ціску», — кажа Святлана.
У кватэры часова лепш не захоўваць значныя сумы наяўных грошай і лішнія тэлефоны, планшэты. Важна праінструктаваць родных, як сябе паводзіць пры ператрусе. Важна, каб падчас допыту яны давалі мінімум інфармацыі, а лепей увогуле адмаўляліся адказваць, карыстаючыся правам не сведчыць супраць сваіх блізкіх (арт. 27 Канстытуцыі).
Падчас вобшуку вельмі важна не падпісваць дакументы, не чытаючы іх. Папрасіць час азнаёміцца, мець побач аркуш паперы і асадку, каб выпісаць даныя з дакументаў (хто праводзіць вобшук, якія артыкулы інкрымінуюцца). Звычайна фотаздымкі рабіць забараняюць.
Патрабаванні адлічыцца і вярнуцца
Юрыстка адзначае, што ў выпадках транснацыянальнага пераследу, калі ахвяра пераследу знаходзіцца па-за межамі Беларусі, іх родным пагражаюць з мэтай вымусіць людзей вярнуцца ў краіну і прызнаць віну.
«Калі гэта сітуацыя, што студэнт за мяжой, а ад яго патрабуюць адлічыцца і вярнуцца ў Беларусь — я раю не ісці на такія патрабаванні. Даволі часта сілавікі шукаюць людзей, на якіх можна ціснуць, і працягваюць узмацняць ціск. Ніхто не гарантуе, што па вяртанні людзей не будуць прымушаць, напрыклад, запісваць відэа з выбачэннямі.
Калі гаворка пра студэнтаў у Беларусі, то, вядома, тут варта асцярожна ацэньваць рызыкі, у тым ліку магчымага затрымання, і сыходзячы з гэтага прыймаць рашэнні», — адзначае Святлана.
Праваабаронцы не рэкамендуюць вяртацца ў Беларусь выкладчыкам, выпускнікам, студэнтам і асобам, якія маюць любыя іншыя сувязі з ЕГУ.
Патрабуюць прынесці дыплом
Праваабаронцы заўсёды раяць не прыносіць сілавікам доказы ў патэнцыйную крымінальную справу супраць вас. Такім доказам можа быць, напрыклад, дыплом ЕГУ, які цяпер патрабуюць ў выпускнікоў прынесці.
Куды звяртацца па дапамогу?
Атрымаць юрыдычную кансультацыю можна ў тэлеграме @zvarot96. Атрымаць кансультацыю іншага характару ці паведаміць пра факт пераследу можна на Гарачую лінію «Вясны» ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasnа. Таксама памятайце пра правілы бяспекі пры ўзаемадзеянні з праваабаронцамі.
«Заклікаю студэнтаў, якія знаходзяцца ў Літве — патрабаваць ад ЕГУ абароны сваіх правоў, бясплатных юрыдычных кансультацый, псіхалагічнай падтрымкі, суправаджэння зваротаў па міжнародную абарону для студэнтаў і іх блізкіх, якія трапілі пад пераслед», — дадае Святлана Галаўнёва.
Каментары
А пазней расказваць казкі пра змаганне са злачынцамі і тэрарыстамі на працы.
Ключавое. Рэакцыя ЕГУ - 0. Рэакцыя лідаркі - 0.
[Зрэдагавана]