БЕЛ Ł РУС

З'явіцца новы сыр з цвіллю — любчанскі

10.06.2026 / 16:11

Nashaniva.com

На вытворчым участку «Любчанскі» філіяла «Навагрудскія дары» Лідскага малочна-кансервавага камбіната плануюць наладзіць выпуск сыроў з блакітнай цвіллю. Новы прадукт будзе арыентаваны як на ўнутраны рынак, так і на пастаўкі ў Расію і іншыя краіны постсавецкай прасторы, піша БелТА.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Прадпрыемства таксама працягвае маштабную мадэрнізацыю. Да 2028 года плануецца павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі малака да 903 тон у суткі і пашырыць выпуск прадукцыі з больш глыбокай ступенню перапрацоўкі.

Сярод новых праектаў — стварэнне вытворчасці сухога канцэнтрату малочнага бялку КМБ-80, які выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці, медыцыне і касметалогіі. Таксама на камбінаце рыхтуюць запуск вытворчасці абязводжанага малочнага тлушчу, які плануюць пастаўляць на афрыканскі рынак.

Акрамя таго, у канцы года прадпрыемства адкрые новую лінію па разліве малака і пітных ёгуртаў у бутэлькі.

Іншыя філіялы камбіната таксама развіваюць новыя кірункі: у Ашмянах будзе пашыраная фасоўка сыроў, у Смаргоні — вытворчасць марожанага і ўпакоўка тварагу, а ў Навагрудку з’явіцца дадатковая сырная лінія магутнасцю 10 тон прадукцыі за суткі.

Усяго Лідскі малочна-кансервавы камбінат перапрацоўвае каля 1,8 тысячы тон малака штодня, выпускае прыкладна 250 найменняў прадукцыі і экспартуе каля 70% сваёй вытворчасці ў 26 краін свету.

Чытайце таксама:

Сыркі з пандай зараз будуць рабіць не ў Полацку

У Беларусі запускаюць першы завод з поўным цыклам вытворчасці віскі

«Водар» і «Смачны»: на ўпакоўках пішуць, што на заквасцы, а яны на дражджах

Беларусы абурыліся, што ў «Еўраопце» прадаюць «халяльныя» агуркі

Каментары да артыкула