Загінуў адміністратар вядомага Z-канала, у якім смакуюць расійскія ўдары па цывільных аб'ектах
У Расіі паведамілі пра гібель аднаго з адміністратараў Z-канала «От Мариуполя до Карпат», які стаў вядомы публікацыямі відэа з ударамі расійскіх беспілотнікаў па мірных жыхарах і цывільнай інфраструктуры Херсонскай вобласці, піша тэлеграм-канал Astra.
Аляксандр Шаптура, які можа быць тым самым загінулым адміністратарам канала. Фота: donbass-info.com
Паведамленне пра смерць з’явілася 10 чэрвеня ў самім канале, звязаным з падраздзяленнем «Эскадрон» 18‑й агульнавайсковай арміі РФ. Аўтары напісалі, што страцілі свайго паплечніка, аднак не назвалі яго імя і абставіны гібелі.
Паводле паведамленняў у каментарыях і інфармацыі СМІ, загінулым можа быць Аляксандр Шаптура — так званы намеснік міністра ўнутраных спраў «ДНР» і кіраўнік упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Ён таксама ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Украіны на херсонскім напрамку.
Імя Шаптуры раней згадвалася ў матэрыялах пракуратуры Данецкай вобласці, дзе яго звязвалі з выкраданнямі і катаваннямі людзей на акупаванай тэрыторыі. У 2023 годзе Уладзімір Пуцін прысвоіў яму званне генерал-маёра паліцыі.
Напярэдадні канал «От Мариуполя до Карпат» апублікаваў відэа, на якім беспілотнік скідае боепрыпас на пешахода ў Херсоне. Аўтары суправаджалі кадры заявай, што менавіта яны вырашаюць, «каму можна хадзіць па зямлі рускай, а каму здохнуць пад плотам».
Раней канал таксама размяшчаў відэа атакі дронаў па аўтамабілях місіі ААН у Херсоне, пасля чаго выдаліў публікацыю. У іншых допісах аўтары называлі законнымі цэлямі цывільны транспарт, крамы і рынкі на тэрыторыі горада.
Абставіны смерці адміністратара канала на гэты момант афіцыйна не раскрываюцца.
Чытайце таксама:
Расійскія вайскоўцы свядома атакуюць аўтамабілі гуманітарнай місіі ААН і яшчэ гэтым хваляцца
Z-блогера, які нечакана заклікаў аддаць Пуціна пад суд, адправілі ў псіхбальніцу