БЕЛ Ł РУС

Беларуская рэжысёрка перамагла з кароткаметражкай на Кракаўскім кінафестывалі

11.06.2026 / 16:18

Nashaniva.com

Беларуская фатографка і студэнтка Варшаўскай кінашколы паказала гісторыю дзяўчыны, якая нечакана зацяжарала і спрабуе прымаць рашэнні самастойна. Стужку могуць намінаваць на «Оскар» і Еўрапейскую кінапрэмію, піша «Белсат».

Кадр з фільму «Усіх звалі Анжэліка» (рэжысёрка Саша Куцень). Скрыншот: Szkolafilmowa.pl

Кароткаметражны фільм «Усіх звалі Анжаліка» (Wszystkie miały na imię Anżelika) беларускай рэжысёркі Сашы Куцень атрымаў «Залатога ляйконіка» — прыз за найлепшы кароткаметражны фільм 66‑га Кракаўскага кінафестывалю.

Стужка расказвае пра майстарку манікюру Анжаліку, якая спрабуе вярнуцца да навучання на юрыдычным факультэце, але даведваецца пра незапланаваную цяжарнасць. У атачэнні кліентак, марскіх свінак і бота са штучным інтэлектам яна шукае сэнс і ўласны голас, каб прыняць пастанову ў свеце, перапоўненым чужымі меркаваннямі.

Аляксандра (Саша) Куцень — студэнтка трэцяга курсу рэжысёрскага факультэта ў Варшаўскай кінашколе. «Усіх звалі Анжаліка» — яе другі фільм і «апошні прыпынак» перад дыпломнаю работай. Аляксандра нарадзілася ў Беларусі, займалася фота, калажамі і анімацыяй, апошнія гады здымала кароткаметражныя фільмы і музычныя кліпы, ладзіла выставы ў Польшчы і Беларусі

Мінулы яе фільм «Няўдачнік» (Przegryw) паказвалі на шэрагу кінафестываляў, а на чэшскім Mlada Kamera ён атрымаў узнагароду за найлепшы фікшн ад творцы да 30 гадоў.

Кракаўскі кінафестываль — важнае месца для кароткаметражнага кіно ў Польшчы. Перамога на ім дае магчымасць намінаваць стужку на «Оскар» і Еўрапейскую кінапрэмію.

Чытайце таксама:

Галоўная рэдактарка «Белсата» знялася ў фільме-фаварыце Канскага кінафестываля

Польскі кінаінстытут падтрымаў беларускіх рэжысёраў — грошы атрымаюць хорар Кашперскага і драма Палуяна

Прызналі «экстрэмісцкім» стары фільм «Жыве Беларусь!»

Восенню на экраны выйдзе фільм пра Бацьку Міная

Каментары да артыкула