Офіс Ціханоўскай: Паводзіны Харысавай нельга апраўдаць ціскам
Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў, што ў сувязі з распаўсюджваннем на прапагандысцкіх рэсурсах матэрыялаў, якія тычацца валанцёркі Офіса Аліны Харысавай, правёў першасны этап унутранай праверкі і выдаў у сувязі з гэтым адпаведную заяву.
Аліна Харысава. Фота: «Наша Ніва»
У ходзе праверкі ў Офісе вывучылі апублікаваныя аўдыязапісы, матэрыялы перапіскі, гісторыю браўзераў, праграмы і файлы, а таксама правялі аналіз працоўных прылад і акаўнтаў, якімі карысталася Аліна Харысава.
Падкрэсліваецца, што камунікацыя Харысавай, якая мае валанцёрскае пагадненне з Офісам Святланы Ціханоўскай, з невядомымі асобамі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі ўкраінскіх спецыяльных службаў, «груба парушае ўнутраныя пратаколы бяспекі, якія дзейнічаюць у Офісе».
Тым не менш, падчас праведзенай праверкі
«не было выяўлена пацвярджэнняў перадачы якой-небудзь адчувальнай, службовай або непублічнай інфармацыі, здольнай нанесці шкоду дзейнасці Офіса, бяспецы яго супрацоўнікаў і супрацоўніц, партнёраў, а таксама беларусаў і беларусак, якія звярталіся па дапамогу. Аналіз наяўных матэрыялаў таксама не пацвердзіў фактаў перадачы ўнутраных дакументаў або іншых закрытых звестак.
Праверка працоўных і асабістых прылад, акаўнтаў і даступных матэрыялаў не выявіла прыкмет атрымання ўзнагароджання за меркаванае супрацоўніцтва з трэцімі асобамі, уключаючы выкарыстанне крыптавалютных кашалькоў або атрыманне іншых плацяжоў, а таксама пошукавых запытаў, звязаных з атрыманнем грашовых сродкаў якім-небудзь чынам, ці слядоў выкарыстання праграм для пераводу грошай з дапамогай крыптавалют».
Што да аўдыязапісаў і скрыншотаў, распаўсюджаныя ў рамках прапагандысцкай кампаніі, то сцвярджаецца, што
«істотная частка апублікаваных аўдыяматэрыялаў утрымлівае прыкметы генерацыі з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту, што ставіць пад сумнеў іх сапраўднасць».
Супрацоўнікі тэхнічнай службы прааналізавалі працоўны акаўнт Аліны Харысавай і не выявілі якой-небудзь падазронай актыўнасці.
Нягледзячы на сцвярджэнні Харысавай, што яна на працягу доўгага часу была аб’ектам пераследу і спроб уздзеяння з боку лукашэнкаўскіх спецслужбаў, падкрэсліваецца, што
«названыя абставіны не могуць разглядацца як падстава для адступлення ад устаноўленых правілаў бяспекі».
На гэты момант удзел Аліны Харысавай у любой дзейнасці Офіса прыпынены, а праверка інцыдэнту працягваецца.
У Офісе абяцаюць, што
«будуць перагледжаныя дзейныя пратаколы бяспекі і праведзеныя дадатковыя трэнінгі для супрацоўнікаў і супрацоўніц, а таксама валанцёраў і асоб, якія ўзаемадзейнічаюць з Офісам у рамках экспертнай і кансультацыйнай дзейнасці».
Чытайце таксама:
Палітолаг Аліна Харысава пагадзілася супрацоўнічаць з СБУ. Аказалася, гэта быў КДБ
Харысава расказала, чаму павялася на правакацыю КДБ
«Нешта драматычнае не было перададзена». Франак Вячорка пракаментаваў скандал з Алінай Харысавай