У Белай-Падляшскай сярод белага дня забілі расійскага карыкатурыста. Ён браў удзел у беларускіх акцыях
Таксіст з Беларусі, які прывёз забойцаў на месца злачынства, спалохаўся і спрабаваў уцячы ў беларускае консульства.
Паводле інфармацыі паліцыі, напад адбыўся 15 чэрвеня каля 10:00 на вуліцы Каралевы Ядзвігі. Невядомы пачаў страляць у мужчыну, пасля чаго ўцёк, піша тэлеграм-канал DzikMedia.
Пасля здарэння кіраўнік гарадской паліцыі абвясціў трывогу для асабовага складу. У горадзе былі арганізаваныя блакавальныя пасты, праводзіліся праверкі транспарту і пошукавыя мерапрыемствы.
Неўзабаве пасля таго невядомы мужчына спрабаваў схавацца ад паліцыі ў консульстве Беларусі ў Белай-Падляшскай. Ён хацеў пераскочыць праз плот, але не паспеў.
Пасля высветлілася, што гэта быў таксіст з Беларусі, які прывёз забойцаў на месца злачынства. Пазней яму пагражалі пісталетам, ён спалохаўся і спрабаваў уцячы ў беларускае консульства.
Тым часам стала вядомая асоба забітага. Гэта Сямён Скрапецкі — расійскі блогер, мастак-карыкатурыст і сатырык, які нарадзіўся ў 1981 годзе. У 2021 годзе ён эміграваў у Польшчу, ратуючыся ад пераследу ў Расіі.
Ён ездзіў па Еўропе і праводзіў розныя акцыі, высмейваючы рэжым Пуціна і яго саюзнікаў. На сёлетні Дзень Расіі ён правёў падобную акцыю ў Берліне.
Крыніцы DzikMedia паведамляюць, што Сямён Скрапецкі таксама ўдзельнічаў у беларускіх акцыях пратэсту.
Адна з работ Сямёна Скрапецкага