Свет6161

Бежанец з Судана спрабаваў адрэзаць галаву мясцоваму жыхару пасярод Белфаста. У Паўночнай Ірландыі ўспыхнулі беспарадкі

Некалькі чалавек адбілі суседа з дапамогай клюшкі для традыцыйнай кельцкай гульні з мячом. 40‑гадовы пацярпелы страціў левае вока.

Скрын відэа нападу. Крыніца: сацыяльныя сеткі

Напад адбыўся каля паловы адзінаццатай вечара 8 чэрвеня на Кінэйрд-авеню ў Паўночным Белфасце — ціхай жылой вуліцы, забудованай трох– і чатырохпавярховымі дамамі. Нападнік — бежанец з Судана, ахвяра — мясцовы жыхар.

На відэазапісе, які распаўсюдзіўся ў сацыяльных сетках, відаць, як цемнаскуры мужчына сядзіць на чалавеку, што ляжыць на спіне пасярод вуліцы. У руках нападніка нож. На пацярпелым бачныя сляды крыві. Некаторыя відавочцы пазней сцвярджалі, што нападнік спрабаваў адрэзаць ахвяры галаву.

Як паведамляецца, пацярпеламу спрабавалі дапамагчы некалькі чалавек. Абяшкодзіць злачынцу здолеў мясцовы жыхар Майціу Мак Тыгернан (Maitiu Mag Tighearnan) з дапамогай клюшкі для хёрлінгу — традыцыйнай кельцкай гульні з мячом.

Майціу Мак Тыгернан і яшчэ адзін чалавек супрацьстаяць нападніку. Фота: сацыяльныя сеткі / The Guardian

Паводле паліцыі, супрацоўнікі прыбылі на месца праз некалькі хвілін пасля выкліку. Яны арыштавалі падазраванага, а таксама пачалі аказваць першую дапамогу пацярпеламу. Неўзабаве на месца прыбылі брыгады хуткай дапамогі.

Пацярпелага 40‑гадовага мужчыну даставілі ў бальніцу з цяжкімі траўмамі вачэй, а таксама рэзанымі ранамі твару і спіны. 

Паліцыя паведаміла, што на месцы здарэння быў знойдзены прадмет, які, на думку следчых, з'яўляецца кухонным нажом.

Пазней паліцыя Паўночнай Ірландыі прад'явіла абвінавачанне ў замаху на забойства 30‑гадоваму ўраджэнцу Судана. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Вялікабрытаніі, мужчына атрымаў статус бежанца ў 2023 годзе і мае права заставацца ў краіне да 2028 года.

Як піша BBC, кіраўнік паліцыі Паўночнай Ірландыі Джон Бутчэр паведаміў, што падазраваны спачатку выехаў з Судана ў Парыж, затым самалётам прыбыў у Дублін, а пасля аўтобусам дабраўся да Белфаста 10 лютага 2023 года — у дзень, калі падаў прашэнне аб прытулку.

Паводле Бутчэра, імя падазраванага не фігуравала ні ў адной з нацыянальных баз даных, звязаных з пагрозамі бяспецы, і ён не быў вядомы Паліцэйскай службе Паўночнай Ірландыі.

Кіраўнік паліцыі заклікаў грамадскасць не перашкаджаць расследаванню і не паддавацца ўплыву інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках.

Аднак ужо на наступны дзень пасля нападу ў Белфасце пачаліся антыіміграцыйныя пратэсты. Іх падставай сталі сам напад і шакуючыя кадры нападу, якія масава разышліся ў інтэрнэце.

Пратэсты хутка перараслі ў беспарадкі. Удзельнікі падпальвалі аўтамабілі і будынкі. У горадзе часова спынілі грамадскі транспарт.

Пажарна-выратавальная служба Паўночнай Ірландыі паведаміла, што большасць інцыдэнтаў адбылася ў раёне Вялікага Белфаста. Для ліквідацыі наступстваў давялося прыцягнуць дадаткова 21 пажарную машыну з розных раёнаў Паўночнай Ірландыі.

На фоне напружанай сітуацыі паліцыя абвясціла пра ўзмацненне сваёй прысутнасці на вуліцах горада ў найбліжэйшыя дні.

Падчас першага судовага пасяджэння 10 чэрвеня пракурор паведаміў, што пацярпелы Стывен Огілві (Stephen Ogilvie) страціў левае вока. 30‑гадоваму Хадзі Аладзіду (Hadi Alodid) выставілі абвінавачанні ў замаху на забойства, незаконным валоданні нажом і пагрозах забойствам. Падчас слухання ён адмовіўся ад юрыдычнай дапамогі і не адказаў на прад'яўленыя яму абвінавачанні.

Тым часам гісторыя Майціу Мак Тыгернана, які дапамог спыніць нападніка, выклікала шырокі водгук у інтэрнэце. Карыстальнікі арганізавалі збор сродкаў «на пінту піва» для мужчыны. За кароткі час было зроблена амаль 700 ахвяраванняў на агульную суму больш за 5800 фунтаў.

Каментары61

  • EU
    10.06.2026
    Можа варта зрабіць матэрыял адносна вялікай праблемы з такімі мігрантвмі з па-за Еўропы ў заходняй Еўропе, каб беларускія чытачы разумелі шырэйшы кантэкст і зразумелі настроі еўрапейцаў?
  • Netflix
    10.06.2026
    Прапаганда мульцікульці дае свой плён…
  • Ёсік
    10.06.2026
    Такім даюць, а вось беларуса, над якім зьдзекваюцца беларусы ў пагонах, прадаўжае зьдзеквацца еўрапейская бюракратыя, ставячы пад сумнеў ягоная становішча бежанца.

Цяпер чытаюць

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале6

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр кароль Нарвегіі Харальд V1

Дзмітрый Шэпелеў змяніў жыццё — хоча вучыць іншых на досведзе сваіх скандалаў4

Генадзь Бураўкін. Як страціўшы пасаду, зберагчы гонар4

Італія мабілізуе армію васьміногаў на барацьбу з блакітнымі крабамі1

Беларуса, які знік у Абхазіі, знайшлі мёртвым8

Брытанскія хірургі правялі першую ў свеце аперацыю па выдаленні пухліны мозгу з дапамогай штучнага інтэлекту

Колькасць загінулых у выніку паводкі ў Непале і Тыбеце набліжаецца да 500, ратавальнікі чакаюць новага ўдару стыхіі

Стэрыльнае асяроддзе сапраўды выклікае ў дзяцей алергіі. Цяпер навукоўцы высветлілі, што дзяцей ад алергіі абараняе3

Паводкай з Непала ў Індыю знесла пяцярых сланоў ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале6

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць