У Беларусі ёсць гарадскі пасёлак, дзе за год не было ніводнага вяселля
У Беларусі на 10 шлюбаў прыпадае па 7 разводаў. Аднак у некаторых рэгіёнах разводзяцца значна часцей. А ёсць і такія, дзе за ўвесь год не ўзята ніводнага шлюбу, заўважыла выданне Thinktanks.pro.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Статыстычныя казусы назіраюцца ў маланаселеных рэгіёнах.
Напрыклад, у гарадскім пасёлку Багушэўск Сенненскага раёна, паводле даных Белстата, у 2025 годзе быў заключаны ўсяго адзін шлюб і аформлена 7 разводаў. А ў гарадскім пасёлку Юрацішкі Іўеўскага раёна — ніводнага шлюбу пры чатырох разводах.
Прычым такая сумная статыстыка — зусім не рэдкасць для сучаснай Беларусі: разводы пераважалі над шлюбамі ў 2025 годзе ў 35 раёнах і гарадах краіны.
Існуюць супрацьлеглыя «жарты статыстыкі» — у гарадскім пасёлку Крывічы Мядзельскага раёна быў зарэгістраваны адзін шлюб і ніводнага разводу. Хоць такія выпадкі рэдкія.
Лідарам «шлюбнасці» з’яўляецца горад Тураў — тут за год было зарэгістравана 12 шлюбаў і ўсяго 4 разводы.
Сярод буйных гарадоў самую спрыяльную статыстыку дэманструе Мінск — тут у 2025 годзе было ўзята 13,65 тысячы шлюбаў, а разводы займаюць крыху больш за палову гэтай колькасці — 7,7 тысячы. Горш за ўсё — у Гродне: 2,15 тысячы шлюбаў і 1,5 тысячы разводаў.
Аднак варта звярнуць увагу, што спрыяльную карціну сталіцы псуюць навакольныя мясцовасці — так, у Мінскім раёне, гэта значыць у вёсках і гарадках, размешчаных за Мінскай кальцавой дарогай, разводы пераважаюць над шлюбамі. А ўся Мінская вобласць з’яўляецца рэгіёнам-лідарам па разводах — тут на 10 шлюбаў прыпадае па 7,8 разводаў.
Найменш у гэтым плане праблемным рэгіёнам (хоць толькі адносна) з’яўляецца Брэсцкая вобласць, дзе адбываецца 6,7 разводаў на 10 шлюбаў.
Чытайце таксама:
Чаму нараджальнасць падае значна больш імкліва, чым чакалася? Аналіз даных выявіў нечаканую прычыну
Беларусь увайшла ў спіс краін свету з самай нізкай нараджальнасцю
Беларусь увайшла ў сусветны антытоп-5 па колькасці нараджэнняў
Хто зможа двойчы зрабіць ЭКА бясплатна? Расказаў міністр аховы здароўя
Нараджальнасць у Беларусі зменшылася за год яшчэ на 10,7%. Новая закрытая статыстыка Мінздароўя