Чаму нараджальнасць падае значна больш імкліва, чым чакалася? Аналіз даных выявіў нечаканую прычыну
Гэты фактар адыграў ролю і ў ЗША, і ў Еўропе, і ў Азіі.

Амаль ва ўсіх краінах свету назіраецца рэзкае зніжэнне ўзроўню нараджальнасці. Тлумачэнняў гэтай з’явы мноства, аднак свежы аналіз паказвае, што адна з галоўных прычын крыецца ва ўсё большай залежнасці людзей ад смартфонаў. З падрабязнасцямі знаёміць Financial Times.
Згодна з данымі ААН, сёння каля 71% насельніцтва свету пражывае ў краінах, дзе каэфіцыент фертыльнасці ніжэйшы за ўзровень замяшчэння (2,1 дзіцяці на жанчыну). Прычым у 66 краінах сярэдні паказчык цяпер бліжэйшы да адзінкі, чым да двойкі. Гэта значыць, што там насельніцтва можа скарачацца асабліва хутка.
Беларусь уваходзіць у спіс краін свету з самай нізкай нараджальнасцю. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, колькасць народжаных у першай палове 2025 года ў краіне аказалася на 10,7% меншай, чым у аналагічным перыядзе папярэдняга года. Па інфармацыі беларускіх навукоўцаў, сумарны каэфіцыент нараджальнасці па краіне ў 2024 годзе склаў 1,1, а ў Мінску апусціўся да крытычных 0,6.
Як адзначае ў сваім аналізе для выдання Financial Times вядомы журналіст-аналітык Джон Бёрн-Мёрдак, нараджальнасць ва ўсім свеце зніжаецца і ў краінах, што развіваюцца, і ў тых, што толькі выходзяць на шлях мадэрнізацыі.
У 2023 годзе Мексіка ўпершыню саступіла ЗША па ўзроўні нараджальнасці. Падобны спад зафіксаваны таксама ў Бразіліі, Тунісе, Іране і Шры-Ланцы. Гэта азначае, што такія краіны старэюць хутчэй, чым паспяваюць стаць багатымі.
Тэмпы і маштабы гэтага спаду, як піша Бёрн-Мёрдак, пераўзыходзяць усе чаканні. Яшчэ пяць гадоў таму ААН прагназавала для Паўднёвай Карэі 350 тысяч нараджэнняў на 2023 год. Аднак рэальная колькасць склала ўсяго 230 тысяч — памылка ў прагнозе дасягнула 50%.
І гэта адбываецца нягледзячы на тое, што і жанчыны, і мужчыны ў многіх краінах заяўляюць: яны хацелі б мець прыкладна дваіх дзяцей. Гэты рэпрадуктыўны разрыў, які пастаянна расце, Бёрн-Мёрдак тлумачыць нашым сучасным ладам жыцця — у першую чаргу сітуацыяй на рынку жылля і ўплывам смартфонаў.
Менш пар — менш дзяцей
«У папярэднія дзесяцігоддзі ўзровень нараджальнасці ў свеце зніжаўся, таму што ў пар было менш дзяцей. Сёння галоўная прычына ў тым, што пар стала менш», — піша Бёрн-Мёрдак.
Ён спасылаецца на два даследаванні. Адно паказвае, што нараджальнасць у ЗША сёння была б вышэйшай, чым дзесяць гадоў таму, калі б колькасць пар заставалася нязменнай. Іншае выявіла, што колькасць дзяцей, якіх нараджае адна маці, у многіх індустрыяльных краінах засталася стабільнай. Аднак колькасць жанчын, якія ў прынцыпе становяцца маці, за апошнія 15 гадоў рэзка скарацілася.
Папулярны стэрэатып пра тое, што нараджальнасць падае праз жанчын, якія выбіраюць кар’еру, не адпавядае рэчаіснасці. Насамрэч сітуацыя нагадвае «К-падобны» графік: у высокаадукаваных і заможных пластах грамадства паказчыкі застаюцца стабільнымі, тады як асноўны спад адбываецца сярод людзей з нізкімі даходамі і ўзроўнем адукацыі.
Жыллёвы крызіс і эканамічная няпэўнасць
У заможных краінах спецыялісты на працягу апошніх дзесяцігоддзяў вінавацілі ў дэмаграфічным спадзе найперш дэфіцыт жылля. У ЗША і Вялікабрытаніі, напрыклад, гэта стала істотнай перашкодай для стварэння сям’і.
Паводле Бёрн-Мёрдака, каля паловы падзення каэфіцыента нараджальнасці ў гэтых краінах з 1990‑х гадоў можна растлумачыць зніжэннем долі ўласнага жылля і тым, што ўсё больш маладых людзей жывуць з бацькамі. Пры адсутнасці ўласнай жылой плошчы людзі радзей уступаюць у сур’ёзныя і трывалыя адносіны.
І нават калі пары могуць дазволіць сабе асобнае жыллё, яны ўсё часцей расстаюцца. У некаторых краінах тыя, хто жыве разам, цяпер часцей разыходзяцца, чым заводзяць дзяцей — і гэта стала рэзкім адхіленнем ад гістарычнай нормы.
Іншыя эканамічныя фактары таксама не даюць вычарпальнага тлумачэння, адзначае эксперт.
Спад нараджальнасці адбываецца паўсюль: у краінах, якія закрануў сусветны фінансавы крызіс, і ў тых, што яго пазбеглі; у Заходняй Еўропе з яе маруднымі тэмпамі эканамічнага росту, а таксама на Блізкім Усходзе і ў Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе эканоміка развіваецца імкліва.
Шмат хто тлумачыць сітуацыю фінансавай неабароненасцю моладзі. Сапраўды, заўважае аўтар, пік заробкаў у маладых людзей цяпер надыходзіць пазней, чым у папярэднія дзесяцігоддзі, а іх адносны эканамічны статус пагоршыўся. Аднак гэта паступовыя працэсы, якія не тлумачаць раптоўнага і рэзкага абвалу нараджальнасці.
Мяняюцца і сацыяльныя ролі: сёння дзяўчаты значна часцей за хлопцаў атрымліваюць вышэйшую адукацыю, і ў выніку многія жанчыны цяпер зарабляюць больш, чым мужчыны з нізкай кваліфікацыяй. Гэта істотна мяняе падыход да выбару спадарожніка жыцця, але і гэтыя зрухі адбываюцца марудна і не ўсюды аднолькава. Яны занадта лакальныя і павольныя, каб быць прычынай такога імклівага сусветнага трэнду.
Смартфон як забойца нараджальнасці
Незадаволеныя чыста эканамічнымі тлумачэннямі, усё больш даследчыкаў разглядаюць смартфоны і сацыяльныя сеткі як ключавую прычыну глабальнага зніжэння нараджальнасці.
Бёрн-Мёрдак звяртае ўвагу на даследаванне Універсітэта Цынцынаці, якое паказвае, што ў ЗША і Вялікабрытаніі нараджальнасць пачала падаць раней і мацней менавіта там, дзе першымі былі ўкаранёны мабільныя сеткі 4G. Навукоўцы сцвярджаюць: моладзь у такіх рэгіёнах пачала праводзіць менш часу адзін з адным і больш — у сваіх гаджэтах.
Такая ж тэндэнцыя закранула і іншыя краіны. Так, у ЗША, Вялікабрытаніі і Аўстраліі паказчыкі нараджальнасці ў пачатку 2000‑х заставаліся стабільнымі, але пачалі прыкметна зніжацца пасля 2007 года — менавіта тады, у студзені 2007-га, быў прадстаўлены першы iPhone.
У Францыі і Польшчы спад пачаўся з 2009 года. У Мексіцы, Марока і Інданезіі колькасць нараджэнняў пайшла на спад з 2012 года. І хоць у Гане, Нігерыі ці Сенегале паступовае зніжэнне назіралася і раней, у перыяд паміж 2013 і 2015 гадамі яно стала абвальным.
Менавіта ў гэтыя моманты смартфоны станавіліся масавай з’явай у адпаведных краінах, на што паказваюць дадзеныя Google па запытах на спампоўку мабільных праграм.

Недахоп кантактаў у рэальным жыцці
Тлумачэнне простае: маладыя людзі праводзяць усё менш часу разам. У Паўднёвай Карэі, напрыклад, аб’ём асабістых сацыяльных кантактаў сярод моладзі за 20 гадоў скараціўся ўдвая. Той, хто менш выходзіць «у людзі», цяжэй знаходзіць партнёра, адзначыў дэмограф Лайман Стоўн у інтэрв’ю Financial Times.
Акрамя таго, па словах Стоўна, «калі вы праводзіце шмат часу, сустракаючыся з аднагодкамі ў рэальным жыцці, вашы патрабаванні да патэнцыйнага партнёра грунтуюцца на рэальнасці. Калі ж вы бавіце час у інстаграме, вашы стандарты прывязаныя да штучнага вобраза таго, што лічыцца «нармальным»».
Фінскі дэмограф Анна Роткірх заўважае, што сярод маладых людзей, якія найбольш актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, часцей назіраюцца сэксуальныя разлады. Сацсеткі не толькі паглынаюць час, але і прапагандуюць пэўныя каштоўнасці і лад жыцця, якія робяць стварэнне сур’ёзных, працяглых адносін значна больш складаным.
Эліс Эванс са Стэнфардскага ўніверсітэта дадае: чым больш традыцыйнай з’яўляецца культура ў пытаннях гендарных роляў, тым мацней смартфоны б’юць па нараджальнасці.
Статыстыка гэта пацвярджае: на Блізкім Усходзе і ў Лацінскай Амерыцы за апошняе дзесяцігоддзе зафіксаваны самыя рэзкія спады нараджальнасці. А нядаўняе даследаванне паказала, што выкарыстанне сацыяльных сетак звязана з больш нізкай нараджальнасцю ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Наадварот, у Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе доступ жанчын да інтэрнэту часта абмежаваны, колькасць адзінокіх людзей застаецца значна меншай.
Эванс называе гэту з’яву «культурным скачком» (cultural leapfrogging). Праз інстаграм і тыкток маладыя жанчыны ва ўсім свеце атрымліваюць магчымасць абыходзіць традыцыйныя аўтарытэты. Гэта завышае іх чаканні ад адносін, да чаго мужчыны ў гэтых жа краінах часта аказваюцца проста не гатовыя.

Даследаванні Financial Times таксама паказваюць на глыбокі ідэалагічны разрыў паміж маладымі мужчынамі і жанчынамі, які ўзнік менавіта ў эпоху смартфонаў. Гэты падзел асабліва прыкметны сярод людзей без вышэйшай адукацыі: у гэтым асяроддзі жанчыны становяцца больш ліберальнымі (ідэалагічна «сыходзяць налева»), у той час як мужчыны захоўваюць ранейшыя погляды. У выніку ў гэтай сацыяльнай групе колькасць пар і ўзровень нараджальнасці літаральна абваліліся.
Што рабіць?
Як можна пераламаць трэнд на зніжэнне нараджальнасці? Дзяржаўныя меры, такія як дапамога на дзяцей, субсідаваныя дзіцячыя садкі і адпачынак па доглядзе за дзіцем, не змаглі спыніць спад — хоць адпаведныя выдаткі з 1980‑х гадоў у развітых краінах павялічыліся ў тры разы, піша Бёрн-Мёрдак.
Простых рашэнняў эксперт не бачыць. Дзяржаўныя рэсурсы абмежаваныя, а адных толькі эканамічных фактараў недастаткова для выпраўлення сітуацыі. Калі палітыкі спрабуюць стымуляваць пары нараджаць больш дзяцей, яны могуць не трапляць у сутнасць праблемы. Бо ўсё больш людзей проста не маюць партнёра.
Безумоўна, даступнае жыллё для маладых пар і шчодрыя выплаты пры нараджэнні могуць дапамагчы. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве змяніць трэнд зможа толькі трансфармацыя падыходаў да выкарыстання лічбавых медыя — праз змены ў культуры альбо дзяржаўнае рэгуляванне, падсумоўвае Бёрн-Мёрдак.
Цяпер чытаюць
Каля Сафіі ў Полацку паставілі помнік лётчыкам Нічыпарчыку і Куканенку. Але нават не самалёт той мадэлі, на якой яны загінулі, а аэраплан сталінскага часу
Каментары
Да гэтага вялікі разрыў у заробках паміж кіраўнічым класам і працаўнікамі. Нейкі лайдак з нізкім IQ (прыклад - Ілан Маск) зарабляе ў 5-100 разоў больш за тую ж самую працу, што працаўнік. Дык як вы чакаеце што людзі будуць нараджаць, калі ўсе грошы паступова канцэнтруюцца ў 1% самых багатых?