Лукашэнка ўвязаў вызваленне палітвязняў з адкрыццём амерыканскага пасольства і фінансавымі пытаннямі
У інтэрв'ю тэлеканалу «Аль-Арабія» Аляксандр Лукашэнка заявіў пра магчымую асабістую сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам ужо восенню і акрэсліў кола пытанняў, якія падчас яе павінны абмяркоўвацца.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: kremlin.ru
«Перш чым сустракацца з кімсьці, асабліва калі кіраўнікі дзяржаў сустракаюцца, трэба разумець, што будзе ў выніку. Што, з Дональдам Трампам сустрэўшыся, мы можам склеіць, зварыць. Каб людзі атрымалі адказ: ну сустрэліся, і што?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што на сустрэчы з Трампам павінна абмяркоўвацца не толькі пытанне вызваленне палітвязняў.
«У нас ёсць пытанні амбасад, у нас ёсць пытанні эканамічнага характару, фінансавага. У нас шмат пытанняў. Гэтыя пытанні павінны быць у адным пакеце. І ў выніку сустрэчы двух прэзідэнтаў павінны быць калі не дамоўленасці, то хаця б намёкі на развязанне гэтых пытанняў», — акрэсліў кола праблем Лукашэнка.
Чытайце таксама:
Лукашэнка ўпершыню заклікаў і Расію «пайсці на кампраміс»