БЕЛ Ł РУС

«Бяда, на вялікі жаль, ужо ступае на парог Сінявокай». Ультыматум Зяленскага Лукашэнку: што будзе далей?

20.06.2026 / 16:59

Мікола Бугай

Аналітыкі пралічваюць розныя варыянты: ад адключэння Мінскам вышак, да якіх Кіеў мае прэтэнзіі, да ўдараў адплаты па двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах у Мазыры і Наваполацку і гродзенскім «Азоце». Некаторыя задумаліся пра ўдары па лукашэнкаўскіх «цэнтрах прыняцця рашэнняў» у стылі Ізраіля па Іране, і ўкраінскай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» з мэтай стварыць буферную зону бяспекі на поўдзень ад Прыпяці. Што з гэтага рэальна і ці прывядзе гэта да ўвядзення расійскіх войскаў у Беларусь?

Уладзімір Пуцін і Уладзімір Зяленскі. Фота: Mikhail Metzel, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP; АР

Ультыматыўнае патрабаванне Украіны, каб Беларусь цягам тыдня спыніла карэктаваць маршруты расійскіх дронаў, прыйшло па вяртанні Уладзіміра Зяленскага з сустрэчы з лідарамі G-7, па ўдары Украіны ў НПЗ пад Масквой і пасля ўльтыматуму еўрапейскіх дзяржаў Маскве, перададзенага Сяргею Лаўрову пасламі Францыі, Германіі і Брытаніі 7 чэрвеня.

Поўны змест еўрапейскага ўльтыматуму Маскве дагэтуль у СМІ не раскрыты. Тое, што расійскае дыпламатычнае ведамства не зрабіла гэтага, паказвае сур’ёзнасць заяўленага. Мяркуючы па ўсім, Маскве прапанавалі пагадзіцца на спыненне агню, у адваротным выпадку краіны Захаду здымуць абмежаванні на ўдары Украіны ўглыб расійскай тэрыторыі. Варта адзначыць, што ў вайсковым сэнсе Беларусь уяўляе сабой практычна частку Расіі — і тэхнічна, і ідэалагічна.

Ультыматум Уладзіміра Зяленскага Лукашэнку агучаны публічна. З аднаго боку, ён цвёрды: з Мінскам раней так не размаўлялі. З другога боку, ён даволі неканкрэтны — што дае прастору для інтэрпрэтацыі.

Аляксандр Лукашэнка, які звычайна не стрымліваецца ў словах адносна ўсіх, хто яму гаворыць папярок, у гэтым выпадку не спяшаецца. Пакуль яго асабістай рэакцыі няма.

Беларуская прапаганда, у сваю чаргу, вярнулася да называння ўкраінцаў «бандэраўцамі» і «ўкранацыстамі».

Першай рэакцыяй прапагандысцкага апарата розных узроўняў стаў ядзерны шантаж.

«Самае галоўнае ў гэтай сітуацыі — неадкладны адказ на напад усімі сіламі і сродкамі, уключаючы ядзерную зброю, — напісаў учора дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі. — Гэта будзе рэальнай праверкай нашых саюзных дамоўленасцей. Давесці гэтую пазіцыю трэба не столькі наркаману (так ветліва і згодна з расійскім прапагандысцкім шаблонам ён называе Уладзіміра Зяленскага — НН), колькі краінам Еўропы і ЗША».

Любое ўжыццё ядзернай зброі выкліча знішчальны ўдар у адказ — спачатку канвенцыйнай, а пры патрэбе — і атамнай зброяй, пасля чаго Беларусі, у тым выглядзе, у якім мы яе ведаем, проста не засталося б. Магчымасць перарастання вайны ў ядзерную трывожыла заходнія разведкі ў 2022—2023 гадах, цяпер такое развіццё падзей аналітыкі лічаць малаімаверным, бо паразы абмежаванага характару на фронце не нясуць пагрозы расійскаму рэжыму.

Аналітыка Юрыя Дракахруста трывожыць іншае магчымае наступства кінетычных удараў па тэрыторыі Беларусі — увядзенне ў Беларусь яшчэ большай колькасці расійскіх войскаў і далейшае размыванне суверэнітэту краіны.

«Ёсць тут юрыдычны бок — ці ёсць размяшчэнне рэтранслятараў, якія стаяць даволі даўно, законнай падставай для ваенных дзеянняў па іх нейтралізацыі? Але шмат больш важны палітычны бок — яшчэ адзін тэатр ваенных дзеянняў на мяжы яшчэ дзвюх краінаў NATO, паток уцекачоў, удар па лагістыцы гандлю з Кітаем і шмат чаго іншага, нават калі не ўлічваць беларускіх ахвяраў вайны, — піша ў сябе ў сацсетках Юры Дракахруст. — Ну і ёсць яшчэ адно важнае для Еўропы і ЗША пытанне — а хто будзе кіраваць уцягнутай у вайну Беларуссю? Лукашэнка? Ціханоўская? А не Пуцін часам? І не так, як ён і цяпер шмат на што ўплывае ў Беларусі, а як акупаванай, скажам, Луганскай вобласцю Украіны. Наўпрост, ажыццяўляючы ў тым ліку і цывільнае кіраванне. Украінскія ракеты і дроны разам з Палком Каліноўскага здольныя гэта прадухіліць? Не выключана, што ў еўрапейскіх сталіцах у гэтым не будуць так ужо ўпэўненыя», — мяркуе Юры Дракахруст.

«Можа, у выніку рэтранслятары нават і прыбяруць, — дапускае ён. — Але калі не, калі дыпламатыя не спрацуе, праз тыдзень для Беларусі можа адкрыцца брама ў пекла», — піша Юры Дракахруст.

Той самы непакой выказвае ў сваіх сацсетках іншы журналіст радыё «Свабода», Дзмітрый Гурневіч: «Калі Украіна праз тыдзень ударыць па вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Беларусі, то парушыць гэтым самым статус-кво, якое існуе пяты год адносна Беларусі. Тады Пуцін атрымае «апраўданне», каб «бараніць Беларусь». Што тады можа пачацца, лепш нікому нават не ўяўляць. Беларускія палітыкі павінны на галаву зараз стаць, каб гэтага не сталася, а не займаць пазіцыю падчас школьнай бойкі, калі адны расцягваюць бойку, а трэція адцягваюць іх, бо бойка гэта ж весела. Абы не было вайны, як ні дзіўна, зараз вельмі талковы лозунг», — піша Гурневіч.

«Украіна не звярталася ў Раду Бяспекі ААН, не прадстаўляла ніякіх сведчанняў непазбежнай пагрозы з боку Беларусі і не праводзіла па гэтым пытанні нават нефармальных кансультацый з чальцамі Рады Бяспекі, — крытыкуе Зяленскага апазіцыянер да апазіцыі, былы беларускі дыпламат Валер Кавалеўскі. — Можна зрабіць выснову, што сведчанняў рэальнай ваеннай пагрозы з боку Беларусі для Украіны не было прадстаўлена. Ультыматум Кіева выглядае рэзкім падвышэннем ставак без доказаў новай пагрозы і без праліку наступстваў хаця б на адзін ход. У выніку Украіна, а разам з ёй і краіны ЕС могуць больш страціць, чым здабыць, калі канфлікт перарасце ў рэгіянальны», — піша Кавалеўскі ў сябе ў фэйсбуку.

Перспектывы для Беларусі ён пры гэтым называе «катастрафічнымі».

«Эскалацыя пачалася ў 2022 з боку расійскіх і беларускіх уладаў. Проста тады Украіна не мела магчымасцяў на гэту эскалацыю адказаць так, як патрабавала сітуацыя. Часы змяніліся, цяпер Украіна можа гэта зрабіць і гучна прамаўляе, што ўмовы, якія яна вымушана была прыняць у 2022 у дачыненнях з Беларуссю, ёй не падыходзяць. Раней таксама не падыходзілі, проста зрабіць з гэтым яна нічога не магла. А зараз, мабыць, лічыць, што можа. І прапаноўвае вярнуць сітуацыю да стану да 2022, то бок да першапачатковай эскалацыі. Абраная форма (ультыматум), вядома, не спрыяе вырашэнню гэтай мэты. Як і пашырэнне вайсковых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі наўрад ці адпавядае інтарэсам Украіны. Але нешта з вайсковай інфраструктурай Расіі ў Беларусі рабіць трэба, не? Глядзець, як яе выкарыстоўваюць для забойстваў сваіх грамадзян Украіне відавочна не падабаецца. То, можа, і ўладам Беларусі павінна не хацецца сваіх грамадзян пад рызыку такую ставіць? І трэба перастаць дапамагаць Расіі забіваць украінцаў?» — адказаў Кавалеўскаму іншы былы беларускі дыпламат, Павел Слюнькін.

«Так, зараз атака бандэраўцаў на нашу краіну рэальная як ніколі. Таму наш адзіны адказ — згуртаванне вакол Прэзідэнта і гатоўнасць абараняць краіну. Усе, хто супраць — вораг», — піша прапагандыст Аляксей Дзермант.

Яго канал «Чырвоная Скіфія» заклікае верыць у Аляксандра Лукашэнку: «Ніхто іншы акрамя гэтага сапраўднага РУСКАГА чалавека не клапоціцца лепш пра сваю краіну і ніхто лепш за прэзідэнта Беларусі не разумее цану міру. І ў Расіі няма саюзніка надзейнейшага за гэтага чалавека. І зараз, калі бяда, на вялікі жаль, ужо ступае на парог Сінявокай, толькі гэты чалавек уратуе і абароніць», — драматычна піша Дзермант.

Які ваенны патэнцыял Украіны і чым можа адказаць Беларусь

А што можна сказаць пра сродкі рэалізацыі пагроз?

Наўрад ці Украіна мае нейкі назапашаны рэзерв такіх узбраенняў, якія яна не выкарыстоўвала супраць Беларусі, але можа выкарыстаць супраць Расіі. Гэта значыць, што Кіеў можа распаўсюдзіць на Беларусь атакі таго тыпу, якія наносяцца па аб’ектах у глыбіні РФ. 

Найперш гаворка пра кропкавыя дронавыя ўдары супраць беларускіх вышак сувязі на поўдні Палесся. Аналагічную барацьбу Украіна даўно вяла ўздоўж усёй лініі фронту.

Любыя атакі большага маштабу стваралі б рызыкі больш маштабных удараў у адказ.

У сваю чаргу, планамерныя атакі па расійскім нафтагазавым сектары маюць на мэце данесці да абалваненага шавіністычнай прапагандай насельніцтва Расіі, што вайна — побач і што Пуцін не перамагае. У нейкі момант для дасягнення гэтай мэты Кіеў і яго саюзнікі могуць палічыць неабходным адрэзаць і беларускія НПЗ — калі яны стануць выратавальным колам для заправак еўрапейскай часткі Расіі.

Наўрад ці Мінск мае большую шчыльнасць СПА, чым сама Расія, і вялікі запас боекамплекту СПА ва ўмовах, калі сама Расія, мяркуючы па многіх прыкметах, пачала адчуваць яго дэфіцыт. Гэта значыць, што адбіць украінскія дронавыя атакі ўяўляла б складанасць для беларускай арміі. А вось удары з F-16 па аб’ектах, прыкрытых беларускімі С-300 і «Панцырамі», наўрад ці рэалізабельныя — калі толькі беларускае неба не аголенае, каб прыкрыць расійскае.

Што да магчымасці сухапутнай аперацыі, то гэты сцэнар рызыкоўны. Наўрад ці ён актуальны на гэтым этапе, хоць абараняць тэрыторыі на поўдзень ад Прыпяці лагістычна складана. Беларускія ўлады і мадэрнізавалі масты цераз вялікую палескую раку ў Мазыры і Жыткавічах. Будаўніцтва яшчэ аднаго моста, між Лунінецкім і Столінскім раёнамі, плануецца.

Небяспечным для Украіны сцэнаром было б аднаўленне ўдараў па поўначы Украіны ракетамі і дронамі з тэрыторыі Беларусі, як тое мела месца ў 2022 годзе. Падлётны час іх малы, у выпадку такога адказу Украіна вымушаная была б разгледзець варыянт інтэнсіўных, а не кропкавых аперацый на тэрыторыі Беларусі. 

Сам тон, якім Кіеў цяпер размаўляе з мінскімі стаўленікамі Масквы, паказвае, як змяніўся баланс сілаў у рэгіёне. Беларусь застаецца на пазіцыі татальнай падтрымкі Расіі. Напэўна, калі б Мінск змяніў пазіцыю на нейтральную і нармалізаваў адносіны з краінамі Еўрасаюза, такіх размоў не было б і пагрозы не гучалі б. 

Чытайце таксама:

Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны выступіў з беспрэцэдэнтнымі пагрозамі на адрас Лукашэнкі, якога назваў «гаўляйтарам»

Як будуць развівацца падзеі, калі Масква зноў, як і ў 2022, пачне наносіць удары па Кіеве з тэрыторыі Беларусі? Магчымыя сцэнары

Стаўка большая, чым жыццё: што азначае ліст Зяленскага Пуціну

Каментары да артыкула