«Цяпер у моманце падаецца жорсткім і празмерным». Шпакоўскі раіць Расіі ўжыць ядзерную зброю
Дэпутата Палаты прадстаўнікоў, топавага прапагандыста Аляксандра Лукашэнкі трывожаць украінскія поспехі ў вайне дронаў.
Аляксандр Шпакоўскі. Скрыншот відэа
Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры «Клуба рэдактараў» вырашыў паразважаць пра апошнія ўкраінскія поспехі ў вайне. І даў параду расійскаму кіраўніцтву.
Паводле Шпакоўскага, усе папярэднія поспехі Украіны на фронце нібыта ператвараліся ў правалы. Прапагандыст лічыць, што так будзе і цяпер. Вось толькі Расія павінна выкарыстоўваць усе свае сродкі паражэння. Тут Шпакоўскі намякае на ядзерную зброю.
«Пакуль зразумела, што расійскае кіраўніцтва з тых ці іншых меркаванняў не выкарыстоўвае ўвесь арсенал сіл і сродкаў, якія ў іх ёсць, для таго, каб нанесці паражэнне кіеўскаму рэжыму (так расійская прапаганда называе ўлады Украіны. — НН).
У свой час я калегам-расіянам выказваў пункт гледжання на гэты конт. Ён заключаецца ў тым, што тое, што цяпер у моманце падаецца жорсткім і празмерным, ужо праз некаторы час ваенная рэальнасць будзе такая, што гэта будзе здавацца адзіным неабходным рашэннем», — сказаў дэпутат.
19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі публічна паставіў ультыматум Лукашэнку. Ён запатрабаваў за тыдзень прыбраць з Брэсцкай і Гомельскай абласцей рэтранслятары, якія дапамагаюць з навігацыяй расійскім дронам. Інакш іх прыбяруць украінскія вайскоўцы.
Лукашэнка на выхадных не каментаваў гэты ультыматум. Паводле слоў Зяленскага, рэакцыі праз неафіцыйныя каналы таксама не было.
Чытайце таксама:
Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну