БЕЛ Ł РУС

Хто такі Эндзі Бёрнэм, якога бачаць на пасадзе прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі

22.06.2026 / 17:03

Вінцэсь Клепачэня

У брытанскай палітыцы не так шмат людзей, якія здолелі зрабіць кар'еру і ў Вестмінстэры, і па-за ім. Яшчэ менш тых, хто пасля працы ў кабінеце міністраў свядома адмовіўся ад вялікай палітыкі ў Лондане, каб вярнуцца ў рэгіён, і ў выніку стаў там больш уплывовым, чым раней. Менавіта такім шляхам пайшоў Эндзі Бёрнэм — былы міністр аховы здароўя, двойчы кандыдат на пасаду лідара Лейбарысцкай партыі і шматгадовы мэр Вялікага Манчэстэра. Для адных ён — адзін з самых перспектыўных брытанскіх палітыкаў свайго пакалення. Для іншых — майстар палітычнага іміджу, які ўдала прадаў выбарцам вобраз «простага хлопца з Поўначы». Сёння Бёрнэма ўсё часцей называюць магчымым будучым лідарам краіны. 

Эндру Бёрнэм. Фота: AP Photo /Jon Super, file

Эндру Мюрэй Бёрнэм нарадзіўся 7 студзеня 1970 года ў Эйнтры — прыгарадзе Ліверпуля, вядомым найперш дзякуючы конным спаборніцтвам Grand National.

Ягоны бацька працаваў тэлефонным інжынерам, маці — рэгістратаркай. Сям'я была каталіцкай, з ірландскімі каранямі. Бёрнэм пазней не раз казаў, што вырас у асяроддзі, дзе палітыка абмяркоўвалася амаль гэтак жа сама часта, як футбол.

Яго юнацтва прыпала на 1980‑я гады — перыяд, калі паўночныя прамысловыя рэгіёны Англіі перажывалі цяжкія часы. Закрываліся шахты і заводы, расло беспрацоўе, а многія жыхары Поўначы былі перакананыя, што ўрад Маргарэт Тэтчэр больш клапоціцца пра Лондан і поўдзень краіны.

Пазней Бёрнэм будзе сцвярджаць, што менавіта гэты досвед паўплываў на яго мацней за любую палітычную літаратуру.

У Лейбарысцкую партыю ён уступіў яшчэ ў пятнаццаць гадоў. Для большасці яго аднагодкаў гэта быў узрост музыкі і футбола. Для Бёрнэма — ужо і палітыкі.

Пасля школы юнак паступіў у Фіцуільям-каледж Кембрыджскага ўніверсітэта, дзе вывучаў англійскую літаратуру.

На першы погляд, гэта быў класічны шлях будучага прадстаўніка брытанскай эліты. Але сам Бёрнэм пазней успамінаў, што ў Кембрыджы адчуваў сябе чужым. Сярод выпускнікоў дарагіх прыватных школ і дзяцей адвакатаў, бізнэсменаў і арыстакратаў хлопец з рабочай сям'і з паўночнай Англіі часта цярпеў ад таго, што сёння называюць «сіндромам самазванца».

Менавіта там у яго з'явілася перакананне, што паміж палітычнай элітай краіны і жыццём звычайных людзей існуе вялікая прорва.

Але Кембрыдж прынёс яму не толькі палітычныя высновы. Там ён пазнаёміўся з Мары-Франс ван Хел — студэнткай з Нідэрландаў, якую сябры называлі Фрэнкі. Яны сустрэліся ў 1989 годзе і з таго часу амаль не разлучаліся. У 2000 годзе пара пажанілася. Сёння ў іх трое дзяцей — сын Джымі і дочкі Розі і Эні.

У адрозненне ад многіх жонак вядомых палітыкаў, Мары-Франс ніколі не імкнулася да публічнасці і пабудавала ўласную кар'еру ў сферы маркетынгу і бізнэсу.

Ад парламентарыя да міністра

Пасля заканчэння ўніверсітэта Бёрнэм працаваў дарадцам лейбарысцкіх палітыкаў, а таксама супрацоўнікам Нацыянальнай службы аховы здароўя. Калі ў 2001 годзе яго абралі ў Палату абшчын ад акругі Лі ў Вялікім Манчэстэры, ён быў адным з многіх маладых дэпутатаў, якія прыйшлі ў парламент на хвалі папулярнасці Тоні Блэра.

Усяго праз чатыры гады пасля абрання ён атрымаў сваю першую ўрадавую пасаду — стаў парламенцкім намеснікам міністра ўнутраных спраў. Неўзабаве яго перавялі ў Міністэрства культуры, а пасля прыходу да ўлады Гордана Браўна ў 2007 годзе кар'ера Бёрнэма пайшла яшчэ хутчэй.

Ва ўзросце ўсяго 37 гадоў ён атрымаў пасаду галоўнага сакратара Казначэйства — адну з ключавых у фінансава-эканамічным блоку ўрада. Праз некалькі месяцаў Браўн даверыў яму кіраваць Міністэрствам культуры, сродкаў масавай інфармацыі і спорту, а ўжо ў 2009 годзе прызначыў міністрам аховы здароўя. На той момант яму было ўсяго 39 гадоў.

Здавалася, перад ім адкрываецца прамы шлях да вяршыняў брытанскай палітыкі. Аднак усё змянілі выбары 2010 года.

Міністр аховы здароўя Эндзі Бёрнэм. 2009 год. Фота: Wikimedia Commons

Параза, якая не стала канцом

На парламенцкіх выбарах 2010 года лейбарысты страцілі ўладу пасля трынаццаці гадоў кіравання.

Пасля адстаўкі Гордана Браўна Бёрнэм упершыню вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду лідара Лейбарысцкай партыі, але саступіў Эду Мілібэнду.

У наступныя гады ён заставаўся адным з самых вядомых прадстаўнікоў партыі, а ў 2015 годзе зноў паспрабаваў стаць яе лідарам. Аднак і гэтым разам прайграў.

Для многіх палітыкаў дзве такія паразы азначалі б канец вялікіх амбіцый. Але Бёрнэм здолеў знайсці для сябе новую ролю.

«Хілсбара» і рэпутацыя чалавека, які не здаецца

Паралельна з партыйнай кар'ерай Бёрнэм шмат гадоў займаўся яшчэ адной справай, якая зрабіла яго вядомым далёка за межамі палітыкі.

15 красавіка 1989 года на стадыёне «Хілсбара» ў Шэфілдзе падчас паўфіналу Кубка Англіі паміж «Ліверпулем» і «Нотынгем Форэст» у цісканіне загінулі 97 заўзятараў «Ліверпуля».

Для жыхароў паўночнага захаду Англіі гэтая трагедыя стала нацыянальнай траўмай. Бёрнэму тады было дзевятнаццаць гадоў.

На працягу дзесяцігоддзяў паліцыя і частка брытанскай прэсы фактычна ўскладалі адказнасць за трагедыю на саміх заўзятараў. Сем'і загінулых патрабавалі новага расследавання.

Бёрнэм стаў адным з самых уплывовых палітыкаў, якія падтрымалі гэтую кампанію. Ён рэгулярна ўздымаў пытанне ў парламенце, патрабаваў раскрыцця дакументаў і падтрымліваў сваякоў ахвяр.

У 2012 годзе незалежная камісія па «Хілсбара» прыйшла да высновы, што на працягу многіх гадоў грамадскасць уводзілі ў зман адносна сапраўдных прычын трагедыі. Расследаванне паказала, што бяспека заўзятараў была арганізаваная неналежным чынам, а праблемы з перапоўненасцю стадыёна былі вядомыя яшчэ да фатальнага матча.

Публікацыя дакладу стала пераломным момантам у справе. Ранейшыя судовыя рашэнні былі перагледжаныя, а новае расследаванне прыйшло да высновы, што галоўную адказнасць за гібель людзей нясуць паліцыя і службовыя асобы, якія не здолелі належным чынам кантраляваць сітуацыю. Следства таксама ўстанавіла, што частку ахвяр можна было б выратаваць пры больш аператыўных і ўзгодненых дзеяннях экстранных службаў.

Для Бёрнэма гэта стала не толькі асабістай перамогай. Менавіта тады ён атрымаў рэпутацыю палітыка, які можа дзесяцігоддзямі дамагацца справядлівасці і не адступаць пад ціскам улады.

Мэр Вялікага Манчэстэра Эндзі Бёрнэм. Фота: AP Photo / Jon Super

«Кароль Поўначы»

У 2017 годзе Бёрнэм прыняў рашэнне, якое многіх здзівіла. Ён пакінуў парламент і вылучыўся на пасаду першага мэра Вялікага Манчэстэра. У Вестмінстэры гэта выглядала як крок назад. Але сам Бёрнэм сцвярджаў, што будучыня брытанскай палітыкі залежыць не толькі ад Лондана, а ад таго, ці атрымаюць рэгіёны больш улады і фінансавых магчымасцяў.

На выбарах ён перамог з вялікім адрывам. Так пачаўся новы этап яго кар'еры.

На пасадзе мэра Бёрнэм зрабіў галоўнай тэмай развіццё паўночнай Англіі. Ён выступаў за перадачу паўнамоцтваў рэгіёнам, развіццё транспарту, будаўніцтва жылля і падтрымку бяздомных.

Адным з яго галоўных праектаў стала Bee Network — адзіная транспартная сістэма Вялікага Манчэстэра, якая павінна аб'яднаць аўтобусы, трамваі і прыгарадныя чыгуначныя маршруты паводле прыкладу Лондана.

На пасадзе мэра Бёрнэм таксама ініцыяваў незалежныя расследаванні выпадкаў сэксуальнай эксплуатацыі дзяцей у Вялікім Манчэстэры. Іх вынікі выявілі сур'ёзныя пралікі ў працы паліцыі і сацыяльных службаў, якія на працягу гадоў не заўсёды належным чынам рэагавалі на паведамленні пра гвалт над непаўналетнімі.

Але сапраўдную нацыянальную вядомасць ён атрымаў у 2020 годзе.

Падчас пандэміі COVID-19 Бёрнэм уступіў у адкрыты канфлікт з кансерватыўным урадам Борыса Джонсана. Ён абвінавачваў цэнтральныя ўлады ў тым, што яны недастаткова падтрымліваюць паўночныя рэгіёны краіны і навязваюць ім рашэнні без уліку мясцовых патрэбаў.

Спрэчкі адбываліся ў жывым эфіры і прыцягвалі ўвагу ўсёй краіны. Для многіх жыхароў поўначы Бёрнэм стаў сімвалам супраціву лонданскаму цэнтру. Менавіта тады за ім замацавалася мянушка «кароль Поўначы».

Ці стане ён прэм'ер-міністрам?

Як піша The Guardian, за дзевяць гадоў па-за Вестмінстэрам Бёрнэм змяніўся настолькі, што сёння яго цяжка пазнаць у параўнанні з палітыкам часоў урада Гордана Браўна. Зніклі строгія касцюмы і кансерватыўныя гальштукі, якія былі абавязковай часткай жыцця лонданскага міністра. Цяпер ён аддае перавагу футболкам, бомберам і красоўкам.

Гэта не проста змена гардэробу. За гады на чале Вялікага Манчэстэра Бёрнэм здолеў ператварыцца з чарговага прадстаўніка вестмінстэрскага істэблішменту ў палітыка, які свядома падкрэслівае сваю сувязь з Паўночнай Англіяй. Нават падчас выступленняў ён часта носіць значок з выявай рабочай пчалы — аднаго з галоўных сімвалаў Манчэстэра, які нагадвае пра прамысловую гісторыю горада.

За гэты час Бёрнэм набыў рэпутацыю моцнага камунікатара, які лёгка адчувае сябе перад аўдыторыяй і ўмее гаварыць без бюракратычнай мовы. Ён актыўна выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі, ахвотна спрачаецца з крытыкамі і ўсё часцей звяртаецца да выбарцаў наўпрост, без пасрэдніцтва традыцыйных медыя.

Гэты стыль рэзка кантрастуе з манерай Кіра Стармера. Калі ўжо былога прэм'ер-міністра часта апісваюць як асцярожнага тэхнакрата, які старанна ўзважвае кожнае слова, то Бёрнэм імкнецца выглядаць больш непасрэдным і эмацыйным. Для яго прыхільнікаў гэта сведчанне шчырасці і блізкасці да людзей.

Фота: Christopher Furlong / Getty Images

У чэрвені 2026 года Бёрнэм вярнуўся ў Палату абшчын пасля перамогі на дадатковых выбарах у Мэйкерфілдзе. Яго вяртанне ў Вестмінстэр адразу выклікала новую хвалю размоў пра магчымую барацьбу за лідарства ў Лейбарысцкай партыі і нават за пасаду прэм'ер-міністра. Сам Бёрнэм пакуль не абвяшчаў пра такія планы.

Чытайце таксама:

Перамога Бёрнэма на выбарах адкрывае яму шлях да барацьбы за пасаду прэм'ера Брытаніі

Кір Стармер пайшоў у адстаўку

У Вялікабрытаніі забароняць сацсеткі для дзяцей да 16 гадоў

Каментары да артыкула