Лукашэнка назваў украінскія войскі на мяжы з Беларуссю «механізатарамі і даяркамі»
На сустрэчы з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб'ёвым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь — вельмі міралюбівая краіна, якая ў любой сітуацыі будзе побач з Расіяй. А пра ўкраінскія войскі, якія сканцэнтраваныя на мяжы з Беларуссю, выказаўся пагардліва.
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Kremlin.ru
«Не трэба нас падштурхоўваць да таго, што Барыс Вячаслававіч [Грызлоў] арганізуе працэс, каб нас уцягнуць у вайну. Мы з прэзідэнтам Расіі тысячу разоў абмяркоўвалі гэтую тэму.
Ну як ваяваць супраць украінцаў тут, калі з таго боку тэрытарыяльныя войскі ў асноўным? Мы што, будзем гэтых механізатараў, даярак і рабочых хлопцаў страляць, якія не хочуць ваяваць з беларусамі? Мы таксама не хочам з украінцамі ваяваць», — заявіў Лукашэнка.
Увогуле Украіну ён у разлік як самастойную сілу не бярэ, бо за ёй, маўляў, стаіць Захад:
«Я не кажу пра Украіну. Ну якая Украіна? Не пра Украіну гаворка! Мы разумеем, з кім мы ваюем сёння. Хочуць міру — давайце дамаўляцца па сутнасці. Нам вайна не патрэбна. Нам і земляў хапае, і эканомікі нашай хапае, і праблем хапае. Таму ніякай канфрантацыі. Не трэба тут пыліць».
Пры гэтым, па словах Лукашэнкі, «наша пазіцыя міралюбная», але «ў любой сітуацыі мы будзем з Расіяй побач»:
«Не трэба пыліць, не трэба крычаць, не трэба спрабаваць у морду па-руску ўдарыць і гэтак далей. Давайце па-чалавечы. Разумеючы, што такое Расія і што такое мы».
«Я гэта кажу, каб вы разумелі маю пазіцыю. Я яе не хаваю. Мір і толькі мір. Але з поўнай гарантыяй, што яны не будуць з намі гуляцца і, як Пуцін кажа, у чарговы раз не змогуць нас падмануць. Таму што падман Расіі — гэта, перш за ўсё, ударыць па Беларусі. Мы на перадавым краі нашай Айчыны, мы гэта цудоўна разумеем», — падсумаваў ён.
Чытайце таксама:
«Трэба дамаўляцца істотна». Лукашэнка расказаў пра сустрэчу з прадстаўнікамі Зяленскага