За беларускую манету наміналам 50 рублёў просяць 2150 даляраў
На інтэрнэт-пляцоўцы eBay з'явілася ў продажы памятная залатая манета Нацыянальнага банка Беларусі «Вожык» наміналам 50 рублёў. Прадавец з ЗША ацаніў яе ў 2150 даляраў, заўважыла выданне Myfin.by.
Манета была ўведзена ў абарачэнне ў 2011 годзе. Разам з ёй пакупніку прапануюць сертыфікат сапраўднасці.
Высокая цана тлумачыцца не наміналам, а яе калекцыйнай каштоўнасцю. Манета выраблена з золата найвышэйшай пробы ў якасці «пруф», мае інкрустацыю брыльянтам і была выпушчана вельмі абмежаваным тыражом — усяго 1000 асобнікаў.
Скрыншот з сайта ebay.com
Паводле характарыстык Нацыянальнага банка Беларусі:
- маса манеты — 7,78 г;
- маса чыстага золата — 7,78 г;
- якасць чаканкі — «пруф»;
- інкрустацыя — 1 брыльянт памерам 0,8 мм (тып VS);
- дыяметр — 25 мм;
- тыраж — 1000 экзэмпляраў.
Скрыншот з сайта Нацбанка
Варта адзначыць, што 2150 даляраў — гэта запытаная прадаўцом цана, а не афіцыйна пацверджаны рыначны кошт. Фактычная цана продажу залежыць ад попыту сярод калекцыянераў і можа адрознівацца.
Чытайце таксама:
Нацбанк змяніў правілы абмену пашкоджаных манет
Нацбанк выпускае новую манету «Славянка»