Ізраіль афіцыйна прызнаў генацыд армян у Асманскай імперыі
Урад Ізраіля ўхваліў адпаведную прапанову міністра замежных спраў Гідэона Саара. Гэта першае афіцыйнае прызнанне генацыду армян на ўзроўні ізраільскага ўрада.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo / Oded Balilty, File
Паводле слоў Саара, рашэнне прынятае «з маральнага і гістарычнага абавязку». Ён адзначыў, што для яўрэяў і дзяржавы яўрэйскага народа гэта з'яўляецца маральным абавязкам, дадаўшы: «Ніколі не позна зрабіць правільна».
Гаворка ідзе пра падзеі, якія пачаліся ў красавіку 1915 года ў апошнія гады існавання Асманскай імперыі. Тады спачатку ў Канстанцінопалі былі арыштаваныя, дэпартаваныя і забітыя сотні прадстаўнікоў армянскай інтэлігенцыі, пасля чаго пачалося сістэматычнае знішчэнне армянскага насельніцтва. Паводле ацэнак гісторыкаў, у выніку гэтага загінулі каля 1,5 мільёна чалавек.
Да гэтага часу генацыд армян афіцыйна прызналі больш за 30 дзяржаў, у тым ліку ЗША, шэраг краін Еўрапейскага саюза, Канада, Расія і Аргенціна.
Турцыя прызнае факт масавай гібелі армян у 1915 годзе, аднак не пагаджаецца з выкарыстаннем тэрміна «генацыд» і аспрэчвае ацэнкі колькасці ахвяр.
Раней Ізраіль устрымліваўся ад афіцыйнага прызнання, у тым ліку праз рызыку пагаршэння адносін з Турцыяй і магчымы ўплыў на стратэгічнае партнёрства з Азербайджанам. Афіцыйны Ерэван пакуль не пракаментаваў рашэнне ізраільскага ўрада.
Чытайце таксама:
Джэй Дзі Вэнс выдаліў твіт пра генацыд армянаў перад візітам у Азербайджан
Кангрэс ЗША прызнаў генацыдам знішчэнне армян у Асманскай імперыі