УСУ нанеслі паспяховыя ўдары па трох мастах на Данбасе
Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што ў ноч на 29 чэрвеня і напярэдадні былі нанесеныя ўдары па трох мастах на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей. Гэтыя аб'екты выкарыстоўваліся расійскімі войскамі для перакідання асабовага складу, узбраення і боепрыпасаў.
Мост праз Грузскі Яланчык каля Новаазоўска
Паведамляецца, што быў пашкоджаны аўтамабільны мост каля Новаазоўска ў Данецкай вобласці, а таксама два чыгуначныя масты ў Луганскай вобласці.
Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Новаазоўскай акругі Васіль Аўчароў пацвердзіў частковае абрушэнне моста праз раку Грузскі Яланчык. Па яго словах, адна паласа руху разбураная, а другая непрыдатная для праезду. Аб'езд арганізаваны праз вёску Гусельшчыкава. Гэта ўжо другая атака на гэты мост за чэрвень.
Акрамя таго, Генштаб Украіны паведаміў пра ўдары па складзе матэрыяльна-тэхнічных сродкаў у раёне Новасвятлоўкі Луганскай вобласці, трох пунктах кіравання беспілотнікамі і аб'екце радыёэлектроннай барацьбы. Таксама, як сцвярджаецца, былі атакаваныя два аб'екты ў Маскоўскай вобласці, якія забяспечвалі вайсковую сувязь.
Украінскае камандаванне заяўляе, што працягвае наносіць удары па транспартнай і вайсковай інфраструктуры на акупаваных тэрыторыях, імкнучыся ўскладніць лагістыку расійскіх войскаў. Раней у чэрвені таксама паведамлялася пра атакі на масты, якія злучаюць Херсонскую вобласць з Крымам, а таксама на чыгуначны мост цераз Паўночна-Крымскі канал.
Украінскія ўлады неаднаразова заяўлялі пра намер узмацніць ціск на расійскія вайсковыя камунікацыі, у тым ліку ў Крыме, каб прымусіць Расію пайсці на завяршэнне вайны.
Чытайце таксама:
«Адгэтуль лічыце яго востравам». Хто і як праводзіць аперацыю «адсячэння» Крыма
Мадзяр: Крым ізалюем у найбліжэйшай будучыні
Міністр абароны Украіны: Найбліжэйшым часам Крым ператворыцца ў востраў