БЕЛ Ł РУС

У Афрыцы пачалі выпрабоўваць першыя лекі супраць Эболы

2.07.2026 / 22:18

Nashaniva.com

У Афрыцы пачаўся набор пацыентаў для клінічных выпрабаванняў, якія павінны дапамагчы знайсці першыя эфектыўныя спосабы лячэння штаму віруса Эбола Bundibugyo (BVD). Пра гэта паведаміла Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

Фота: AP Photo/Moses Sawasawa

Даследаванне праводзіцца сумесна з Нацыянальным інстытутам біямедыцынскіх даследаванняў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Інстытутам трапічнай медыцыны Бельгіі і Оксфардскім універсітэтам.

Падчас выпрабаванняў навукоўцы ацэняць эфектыўнасць двух супрацьвірусных прэпаратаў — монакланальнага антыцела MBP134 і рэмдэсівіру, а таксама іх сумеснага выкарыстання. Усе ўдзельнікі даследавання будуць знаходзіцца пад назіраннем не менш за 28 дзён. Пры неабходнасці ў праграму могуць быць уключаныя і новыя прэпараты.

У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя адзначаюць, што нават без спецыяльнага лячэння частка пацыентаў выздараўлівае, аднак эфектыўныя лекі дазволілі б выратаваць значна больш жыццяў. Даследчыкі спадзяюцца атрымаць першыя вынікі ўжо ў найбліжэйшыя месяцы.

Па словах прадстаўнікоў праекта, правядзенне клінічных выпрабаванняў непасрэдна падчас успышкі захворвання дапаможа не толькі палепшыць дапамогу цяперашнім пацыентам, але і падрыхтавацца да магчымых эпідэмій у будучыні.

На сённяшні дзень для штаму Bundibugyo не існуе зацверджаных метадаў лячэння, хоць для іншых разнавіднасцяў віруса Эбола такія прэпараты ўжо выкарыстоўваюцца.

Паводле афіцыйных звестак, з пачатку ўспышкі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга штам Bundibugyo быў выяўлены больш чым у 1 400 чалавек. Амаль 440 пацыентаў памерлі, каля 210 — паправіліся.

Чытайце таксама:

Першы выпадак Эболы зафіксавалі на тэрыторыі Францыі

СААЗ: Успышка Эболы набыла сур’ёзную форму

Мінздароўя дало рэкамендацыі наконт ліхаманкі Эболы для тых, хто выязджае за мяжу

СААЗ абвясціла ўспышку ліхаманкі Эбола ў Афрыцы надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага значэння

У Афрыцы новая ўспышка ліхаманкі Эбола: 65 памерлых у ДР Конга, адзін смяротны выпадак ва Угандзе

Як паехаць у экзатычнае падарожжа і не захварэць?

Каментары да артыкула