Пуцін і Трамп таксама правялі тэлефонную размову
Падчас размовы прэзідэнты закранулі канфлікт ва Украіне.
Ілюстрацыйнае фота з саміта на Алясцы ў мінулым жніўні. Фота: Jae C. Hong
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп таксама правялі тэлефонную размову. Пра гэта паведаміў памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў. Паводле яго слоў, Пуцін павіншаваў Трампа з Днём незалежнасці ЗША, пішуць расійскія СМІ.
Падчас размовы прэзідэнты закранулі канфлікт ва Украіне, у тым ліку ў кантэксце планаў Трампа прыняць удзел у саміце НАТА. Пуцін, паводле слоў Ушакова, «акрэсліў рэальную карціну на полі бою» і заявіў, што расійскія войскі наступаюць па ўсёй лініі баявога судакранання.
Таксама Пуцін заявіў пра «перавагу палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання», але з улікам «прынцыповых расійскіх падыходаў».
Паводле Ушакова, пасярэдніцкія намаганні ў пытанні ўрэгулявання канфлікту ва Украіне працягнуць Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер.
Трамп, як сцвярджае Крэмль, адзначыў «велізарныя перспектывы» супрацоўніцтва паміж Расіяй і ЗША, якія могуць адкрыцца пасля завяршэння канфлікту ва Украіне.