БЕЛ Ł РУС

Кінастудыі ўсё часцей здымаюць трохгадзінныя фільмы. Чаму?

8.07.2026 / 09:00

Сафія Смірніцкая

Некалі дзве гадзіны фільма здаваліся вечнасцю, а цяпер нас клічуць у кінатэатры на стужкі па 3-3,5 гадзіны. Што адбываецца? 

Кадр з фільма «Апенгеймер»

Рэжысёр Андрэй Кашперскі разважае, што выдзеліць галоўную прычыну папулярнасці доўгіх фільмаў складана. Адна з іх у тым, што за рэжысёры здымаюць даўжэзнае кіно — бо такое дазволяць зусім не кожнаму.

«Ёсць пэўная ўлада ў рэжысёраў-гігантаў. Калі Нолан, Скарсэзэ, Квенцін Таранціна здымаюць кіно на тры гадзіны, ніхто на студыі не рызыкне ўзяць мантажныя нажніцы. Ім даюць поўны карт-бланш, бо іх імёны прыносяць мільёны даляраў прыбытку і «Оскары».

Я б падрэзаў і Скарсэзэ, і можа нават Нолана», — кажа Кашперскі.

Наколькі ж доўгія фільмы ў тых рэжысёраў? Напрыклад, Марцін Скарсэзэ прадставіў у 2023‑м фільм «Забойцы кветкавага Месяца», які ішоў 3 гадзіны 26 хвілін. У тым жа годзе выйшаў знакаміты «Апенгеймер» Крыстафера Нолана з працягласцю тры гадзіны.

Для параўнання — культавы «Тэрмінатар» 1984 года доўжыўся 107 хвілін, а «Людзі ў чорным» 1997 года маюць працягласць 98 хвілін. Нават грандыёзная «2001: Касмічная адысея», якую выпусціў Кубрык у 1968-м, доўжыцца 2 гадзіны 29 хвілін.

Можна згадаць «Тытанік» 1997 года: маўляў, той шэдэўр доўжыцца 3 гадзіны 14 хвілін. Але гэта выключэнне, якое пацвярджае правіла, і вядома, што кінастудыя вельмі не хацела выпускаць у пракат фільм з такой шакуючай даўжынёй.

Кашперскі адзначае, што кінастудыі цяпер па-іншаму падыходзяць да продажу фільмаў аўдыторыі — яны прапануюць нам паход у кінатэатр як падзею.

«Квіткі і папкорн даражэюць, дома ў кожнага ёсць тэлевізар і доступ да стрымінгаў. Каб выцягнуць чалавека ў кінатэатр, студыі і рэжысёры робяць выгляд, што прадаюць гледачу нешта манументальнае і вельмі важнае, як у выпадку з «Аватарам» ці «Адысеяй» Нолана.

Доўгі фільм падсвядома апраўдвае ў галаве гледача кошт таго паходу — маўляў, за тры гадзіны і грошай не шкада», — тлумачыць рэжысёр.

Таксама Андрэй бачыць тэхнічную прычыну ў пераходзе да доўгіх фільмаў. Раней кіно здымалі на плёнку, яе колькасць была абмежаваная, а цэны вялікія, тым больш у выпадках з некаторымі відамі плёнкі. Фільмы распаўсюджвалі на відэакасетах ці DVD-дысках, а там проста не хапала месца на кіно ў адносна высокай якасці, даўжэйшае за дзве гадзіны.

Цяпер кіно здымаюць і захоўваюць у лічбавым фармаце, а тэрабайты памяці каштуюць капейкі ў параўнанні з плёнкай. 

Змяніліся і самі кінатэатры:

«Раней кароткія фільмы можна было паказаць больш разоў і, адпаведна, больш зарабіць, таму працягласць была важная. А цяпер кінатэатры шматзальныя, таму можна пусціць трохгадзінны блакбастар адначасова ў трох‑чатырох залах у розны час, і не будзе ніякіх страт».

Андрэй нагадвае, што і серыялы прывучылі гледача да доўгіх фарматаў. Нехта любіць глядзець адразу па некалькі серый, а ў некаторых праектах і адна серыя можа быць як цэлы фільм. Так атрымалася, напрыклад, з фіналам серыяла «Вельмі дзіўныя справы» — апошняя серыя праекта доўжылася 128 хвілін.

Сам Кашперскі і як рэжысёр, і як глядач выступае за карацейшыя фільмы — варта ж цаніць свой час. Ён каментуе нядаўнюю стужку Стывена Спілберга «Дзень выкрыцця»:

«Глядзіш на гэта і думаеш, што ўжо складана ўспрымаць — маўляў, навошта вы, хлопцы, так раздуваеце фільм? І пры гэтым я проста кайфую ад таго, што робіць Акі Каўрысмякі ці Кантэн Дзюп’ё. Гэтыя рэжысёры могуць укласціся ў 60‑70 хвілін і сказаць усё, што трэба».

Андрэй згадвае дзве добрыя стужкі апошніх месяцаў, дзе няма гаворкі пра вялікі хранаметраж. Напрыклад, гэта фільм Алівіі Уайльд «Запрашэнне», ён проста цяпер ідзе ў кінатэатрах, і яго даўжыня — 107 хвілін. Ці іншы хіт, «Вось гэта драма!» з Робертам Пацінсанам і Зендэяй, што доўжыцца 105 хвілін. Папулярныя цяпер хорары «Абсэсія» і «Закуліссе» таксама заўважна карацейшыя за тры гадзіны.

Чытайце таксама:

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў

Як здымалі «Адысею» — такі маштаб уражвае нават Галівуд. Мэту Дэйману і Роберту Пацінсану давялося прайсці праз сапраўдныя выпрабаванні

Шалёна папулярны карэйскі серыял ад Netflix пра школьны булінг — хто здзекаваўся з аднакласнікаў, павінен прайсці праз такое ж прыніжэнне

Каментары да артыкула