БЕЛ Ł РУС

Беларуску вызвалілі з цэнтра анлайн-махлярства ў М’янме

8.07.2026 / 12:44

Nashaniva.com

Пакуль яе імя не называецца.

Вайскоўцы ў адным з махлярскіх цэнтраў М'янмы. Фота: The Myanmar Military True News Information Team

Грамадзянка Беларусі была вызвалена з цэнтра анлайн-махлярства ў М’янме і пераведзена ў міграцыйны цэнтр тайландскага горада М’явадзі. Пра гэта паведаміла расіянка Ганна Л., якую таксама вызвалілі з махлярскага кол-цэнтра і перадалі дыпламатам на тэрыторыю Тайланда, піша ТАСС. 

Паводле слоў расіянкі, зараз у міграцыйным цэнтры ў М’явадзі знаходзяцца каля 50 чалавек, якія чакаюць дэпартацыі.

«У асноўным гэта ўсё кітайцы. Нядаўна прывезлі 10 чалавек в’етнамцаў і некалькі дзён таму прывезлі дзяўчыну з Беларусі. Яна зараз звязваецца з пасольствам Беларусі ў В’етнаме. Яна ў бяспецы, з ёй усё добра», — распавяла яна. І дадала, што беларуска ў моцным стрэсе. 

2 ліпеня, гэтую краіну, дзе кіруе адзін з найбольш жорсткіх у Азіі аўтарытарных рэжымаў, з кароткім візітам наведаў Аляксандр Лукашэнка. Потым стала вядома, што Беларусь адкрые пасольства ў М’янме. 

У мінулым верасні Беларусь скаланула гучнае знікненне ў М’янме беларускі Веры Краўцовай. 

На момант знікнення мінчанцы было 26 гадоў, яна працавала мадэллю, любіла падарожнічаць і, са слоў яе знаёмых, была чалавекам свету.

Незадоўга да ад’езду ў Азію дзяўчына, як расказвала яе бабуля Наталля, «з усімі асабіста развіталася», і з таго часу сям’я яе больш не бачыла. Згодна з афіцыйнымі данымі, 20 верасня Краўцова вылецела ў М’янму з Тайланда.

Апошні раз яна выходзіла на сувязь з блізкімі 4 кастрычніка. Праз некалькі дзён у расійскіх СМІ, без спасылак на якія-небудзь афіцыйныя крыніцы, пачала распаўсюджвацца інфармацыя пра тое, што беларуска стала ахвярай махлярскага цэнтра ў М’янме і была жорстка забіта. МЗС Беларусі паведаміла толькі, што дакументы аб смерці дзяўчыны былі падробленыя. Больш пра Краўцову нічога не было вядома. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула