БЕЛ Ł РУС

Ва Украіне выпускаюць банкноту 2000 грыўняў. Вось хто на ёй будзе

10.07.2026 / 17:25

Nashaniva.com

Нацыянальны банк Украіны абвясціў, што з 4 верасня ўводзіць у наяўнае грашовае абарачэнне новую банкноту наміналам 2000 грыўняў, паведамляе Forbes Ukraine.

Фота: Марыя Дзенісюк

На пярэднім баку новай банкноты будзе змешчаны партрэт украінскага паэта і праваабаронцы Васіля Стуса, аднаго з найбольш вядомых прадстаўнікоў пакалення шасцідзясятнікаў. На адваротным баку намаляваны будынак філалагічнага факультэта Данецкага нацыянальнага ўніверсітэта, які носіць імя Стуса.

Адной з галоўных асаблівасцяў дызайну стане стылізаваны дзяржаўны трызуб, выкананы ў стылістыцы сучаснай украінскай вайсковай сімволікі. Паводле Нацыянальнага банка, гэты элемент спалучаецца з дэвізам «Слава Украіне — Героям слава», утвараючы адзіны мастацкі вобраз. Яго асновай стаў шаўрон, які носяць украінскія вайскоўцы на форме. Аўтары канцэпцыі адзначаюць, што сімвал увасабляе стойкасць, волю і нязломнасць украінскага народа.

Фота: Марыя Дзенісюк

Яшчэ адным важным элементам афармлення стаў вобраз сокала-пустэльгі, натхнёны мазаікай «Пустэльга», створанай мастачкай Алай Горскай у 1967 годзе для рэстарана «Украіна» ў Марыупалі. У Нацбанку тлумачаць, што гэтая птушка сімвалізуе здольнасць супрацьстаяць цяжкасцям і захоўваць устойлівасць нават пры моцным сустрэчным ветры. Таксама ён прысвечаны пакаленню шасцідзясятнікаў, якія баранілі нацыянальную ідэнтычнасць і чалавечую годнасць ва ўмовах палітычных рэпрэсій.

Дата ўвядзення новай банкноты таксама мае сімвалічнае значэнне. 4 верасня 1965 года Васіль Стус разам з Вячаславам Чарнаволам і Іванам Дзюбам правёў у Кіеве першую адкрытую акцыю пратэсту супраць палітычных рэпрэсій у СССР. У гэты ж дзень у 1985 годзе Стус памёр у савецкім лагеры.

Гэта будзе першая новая купюра пасля ўвядзення ў 2019 годзе банкноты наміналам 1000 грыўняў з партрэтам навукоўца Уладзіміра Вярнадскага. У Нацыянальным банку адзначаюць, што неабходнасць выпуску купюры наміналам 2000 грыўняў звязаная з інфляцыяй, зніжэннем пакупніцкай здольнасці нацыянальнай валюты і ростам сярэдняй заработнай платы. 

Чытайце таксама:

Трамп паказаў макет новай 100‑даляравай банкноты са сваім подпісам

Беларусы адмовіліся ад зайчыкаў, а брытанскі фунт збіраецца перайсці на іх выявы

У Вялікабрытаніі аб'явілі галасаванне за жывёл на будучых банкнотах для фунтаў

Як выглядае новая банкнота 200 рублёў

Склалі рэйтынг самых прыгожых банкнот свету 2025 года

Каментары да артыкула