Беларусы адмовіліся ад зайчыкаў, а брытанскі фунт збіраецца перайсці на іх выявы
Афаліна, заяц-русак, арлан-белахвост ці нават гіганцкая акула могуць стаць новымі сімваламі брытанскага фунта. Банк Англіі вынес на грамадскае абмеркаванне дызайн наступнай серыі банкнот, прысвечанай дзікай прыродзе краіны.

Банк Англіі пачаў грамадскія кансультацыі наконт дызайну наступнай серыі банкнот наміналам 5, 10, 20 і 50 фунтаў. Усе чатыры купюры атрымаюць выявы жывёл, характэрных для Вялікабрытаніі. Выбар будзе зроблены з загадзя падрыхтаванага спісу, складзенага разам з экспертамі па дзікай прыродзе.
Гэта азначае сур’ёзны адыход ад традыцыі, якая існавала больш за паўстагоддзя. З 1970 года Банк Англіі размяшчаў на банкнотах выбітных дзеячаў краіны — палітыкаў, пісьменнікаў, навукоўцаў і мастакоў.
Цяперашняя серыя, якая паступова ўводзілася з 2016 па 2021 год, упрыгожана партрэтамі брытанскага прэм’ер-міністра ваеннага часу Уінстана Чэрчыля, пісьменніцы Джэйн Осцін, мастака Уільяма Тэрнера і матэматыка, аднаго з заснавальнікаў сучаснай інфарматыкі, Алана Цьюрынга.
Да рашэння змяніць канцэпцыю банк прыйшоў пасля маштабнага апытання грамадзян. У 2025 годзе брытанцам прапанавалі вызначыць тэму для новага пакалення банкнот. Найбольшую падтрымку атрымала прырода. Каля 60% удзельнікаў даследавання назвалі яе адным з найлепшых варыянтаў.
Для параўнання, архітэктура і славутасці набралі 56%, знакамітыя гістарычныя асобы — 38%, мастацтва, культура і спорт — 30%, інавацыі — 23%, а важныя гістарычныя падзеі — 19%.
У Банку Англіі тлумачаць выбар тым, што жывёльны свет з'яўляецца важнай часткай нацыянальнай спадчыны краіны. Акрамя таго, выявы жывёл добра падыходзяць для выкарыстання ў сучасных сістэмах абароны ад падробак. Іх формы і характэрныя элементы можна інтэграваць у складаныя ахоўныя знакі.

Для кожнай купюры будзе выбрана асобная жывёла. Гэта павінна дапамагчы людзям хутка адрозніваць банкноты аднаго наміналу ад другога. Пры гэтым арганізатары хочуць, каб чатыры выявы прадстаўлялі розныя прыродныя асяроддзі і рэгіёны Злучанага Каралеўства.
Менавіта таму вынік галасавання не будзе адзіным крытэрыем. Нават калі некалькі лідараў апытання будуць адносіцца да аднолькавага прыроднага асяроддзя, банк можа выбраць іншыя варыянты дзеля большай разнастайнасці. Канчатковае рашэнне прыме кіраўнік Банка Англіі Эндру Бэйлі.
Усяго ў шорт-ліст увайшлі 18 відаў жывёл. Сярод млекакормячых гэта афаліна, заяц-русак, еўрапейскі вожык, шэры цюлень, куніца лясная і рыжая ліса. Дарэчы, заяц-русак добра знаёмы беларусам: яго выява ўпрыгожвала аднарублёвую банкноту ўзору 1992 года, праз што беларускія грошы ў народзе на доўгія гады атрымалі мянушку «зайчыкі».

Птушак прадстаўляюць тупік атлантычны, сіпуха звычайная, зімародак звычайны, вялікі кулён, вялікі стракаты дзяцел і арлан-белахвост. У трэцюю групу ўключылі атлантычнага ласося, гіганцкую акулу, чмяля землянога, травяную жабу, імператарскую страказу і шашачніцу Аўрынія.

Галасаванне працягнецца да 3 ліпеня 2026 года. Вынікі плануюць абвясціць да канца 2026 года. Аднак самі новыя банкноты з'явяцца толькі праз некалькі гадоў, бо іх распрацоўка, выпрабаванне і друк займаюць працяглы час.
Пры гэтым адзін традыцыйны элемент застанецца нязменным — на новых банкнотах і надалей будзе прысутнічаць партрэт брытанскага манарха.
Каментары