Будуць рэгуляваць цэны на ўласную прадукцыю, якую робяць гандлёвыя сеткі
У Беларусі пашыраць дзяржаўнае рэгуляванне цэн на прадукцыю ўласнай вытворчасці, якую выпускаюць аб'екты грамадскага харчавання пры гандлёвых сетках, паведаміў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Алег Дзікун.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Яндэкс-Карты
Новыя правілы закрануць шэраг папулярных тавараў, у тым ліку хлебабулачныя вырабы, раздзелку мяса, курыцы і рыбы, а таксама маласольную рыбу, якая вырабляецца непасрэдна ў крамах.
Як растлумачылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, такое рашэнне прынята пасля зваротаў грамадзян. Пакупнікі звярталі ўвагу, што прадукцыя, вырабленая ў гандлёвых сетках, часта каштуе значна даражэй за аналагічныя тавары ў фірмовых крамах вытворцаў.
Згодна з новымі нормамі, пры продажы такой прадукцыі праз рознічны гандаль нацэнка аб'ектаў грамадскага харчавання не павінна перавышаць 10%.
Адпаведныя змены ў сістэму дзяржаўнага рэгулявання цэн зацверджаныя пастановай урада ад 10 ліпеня. Новыя патрабаванні пачнуць дзейнічаць праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.
Чытайце таксама:
Урад значна скараціў пералік тавараў, на якія рэгулююцца цэны
Лукашэнка: У Беларусі трэба настойліва пераходзіць на ацяпленне пелетамі, газ — толькі як рэзерв