БЕЛ Ł РУС

Крысціна Ціманоўская расказала пра Недасекава, які не можа на яе забыцца, і працу на «Белсат» па-беларуску

14.07.2026 / 21:09

Nashaniva.com

Днямі лёгкаатлет Максім Недасекаў, вядомы сярод іншага сваёй актыўнай падтрымкай рэжыму Лукашэнкі, схадзіў на інтэрв’ю да прапагандыста Марата Маркава — і там згадаў пра бягуху Крысціну Ціманоўскую, якая ўжо пяць гадоў як жыве ў Польшчы. З гэтай нагоды «Трыбуна» пагаварыла з Ціманоўскай, а заадно распытала яе і пра працу на тэлеканале «Белсат», дзе ад нядаўняга часу лёгкаатлетка па-беларуску вядзе спартыўную рубрыку.

Крысціна Ціманоўская

Падчас эфіру ў Марата Маркава Недасекаў ужо не ўпершыню на публіку расказаў гісторыю, якая быццам бы адбылася падчас сумеснага навучання ў Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзерву. Па ўспамінах скакуна, Ціманоўская нібыта тады выканала нарматыў майстра спорту (у большасці быў толькі першы разрад), пасля чаго сказала, што ўсе, хто ніжэй за кандыдата ў майстры, не маюць права на яе глядзець. Маўляў, ужо тады яна «надзела карону». 

— Верагодна, вы ўжо чулі, што казаў пра вас Недасекаў. Што думаеце з гэтай нагоды?

— Шчыра, я пра гэта нават не ведала, пакуль у мяне не пачалі пытацца сябры і знаёмыя. І гэта, напэўна, найлепш паказвае, наколькі мне гэта абыякава. У мяне дастаткова сваіх задач і мэтаў, каб марнаваць час на падобныя рэчы.

Звычайна я не каментую прыдуманыя гісторыі з мінулага. Але заўсёды цікава назіраць, як людзі ўспамінаюць «маладосць», калі сказаць нешта па справе ўжо не атрымліваецца. Гісторыі з разраду «мне калісьці падалося» — слабы аргумент. Пра «карону» — гэта суб’ектыўна. А вось выказванні пра вайну, якія, як я бачыла, таксама былі з боку Недасекава, маўляў, ён здзіўляецца, чаму ўкраінскія спартсмены не размаўляюць, — гэта факт. І перш чым здзіўляцца, чаму з табой яны не размаўляюць, варта ўспомніць не чужыя словы дзесяцігадовай даўніны, а свае — зусім нядаўнія. Як ты выказваўся пра вайну.

Часам праблема не ў тых, хто цябе атачае, а ў няздольнасці звязаць уласныя словы з іх наступствамі. Бо павага страчваецца не праз чыюсьці «карону», а праз адсутнасць разумення, дзе праходзяць межы. Часам дастаткова проста перачытаць, што ты казаў у 2022 годзе. Памяць — карысная функцыя. Як і логіка. Але, здаецца, не ва ўсіх яна ў профілі.

— Як лічыце, чаму ён зноў пра вас згадаў, ды яшчэ такім чынам?

— Магчыма, справа ў тым, што я працягваю выступаць на міжнароднай арэне і паказваць вынікі. У такім выпадку ты міжволі пачынаеш часцей з’яўляцца ў полі зроку. А далей ужо кожны спраўляецца з гэтым па-свойму. Недасекаў вырашыў успомніць мяне ў такім кантэксце.

— А ўвогуле, ці была такая гісторыя, пра якую ён успамінае?

— Не, вядома. Гэта гісторыя з разраду «мне калісьці падалося». Праблема такіх гісторый у тым, што яны не патрабуюць ніякіх доказаў — можна сказаць усё, што заўгодна. Пытанне толькі ў тым, навошта чалавек гэта робіць.

— А чаму Недасекаў так «няроўна» да вас ставіцца? У 2021 годзе, калі вас высылалі з Японіі, ён хацеў, каб вас пакаралі.

— Ну, тады ён так казаў, таму што лукашыст. Што тут яшчэ дадаць? Нават не ўяўляю, чаму ад яго да мяне столькі ўвагі.

— Ён успамінае, якой вы нібыта былі ў Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзерву. А сам ён якім быў?

— Не магу адказаць, бо з ім не камунікавала. Ніяк не ахарактарызую яго ні як спартсмена, ні як чалавека. І ўвогуле не хачу развіваць гэтую тэму, бо гэта ўжо падобна да высвятлення ў пясочніцы — хто ў каго рыдлёвачку скраў.

— Цяпер вы працуеце і на «Белсаце», расказваеце, як правільна займацца спортам. Як пачалася гэтая супраца?

— З прадстаўнікамі тэлеканала пазнаёміліся, калі давала ім інтэрв’ю яшчэ да зімовага выезду ў Амерыку. Тады ў размове з’явілася ідэя, што было б цікава рабіць рубрыку пра бег. Рэдактарка сказала, што ёй падабаюцца мае відэа ў Instagram, і гэта можна адаптаваць пад фармат канала. Я падтрымала гэтую ідэю, і мы дамовіліся вярнуцца да яе пазней. Калі я вярнулася ў Польшчу, проста рэалізавалі тое, што ўжо абмеркавалі.

Я пайшла на «Белсат», бо як спартсменка маю што даць людзям. Гэта магчымасць дзяліцца досведам, паказваць, як правільна трэніравацца, як рыхтавацца, як працаваць над сабой. Для мяне гэта не проста «рубрыка», а спосаб праз спорт прыносіць рэальную карысць і натхняць людзей рухацца і займацца сабой.

— Абмяркоўвалася, на якой мове весці рубрыку?

— Так, абмяркоўвалася, бо канал беларускамоўны. У мяне была магчымасць весці па-руску, але выбраць беларускую — гэта было маё рашэнне.

Для мяне важна, якія каштоўнасці я транслюю, у тым ліку праз мову. Беларуская — гэта частка маёй ідэнтычнасці, і я хачу яе развіваць, а не ігнараваць. Таму ў праграме гавару на беларускай мове, а ў сябе ў блогу — па-руску, бо ў мяне там розная аўдыторыя і я выбрала адзіную для ўсіх мову. Але пры гэтым атрымала шмат станоўчых водгукаў за тое, што вяду рубрыку па-беларуску.

Рыхтуюся да кожнага выпуску, у тым ліку ў моўным плане. Для мяне важна, каб усё гучала натуральна і зразумела. Як рыхтуюся? У першую чаргу, вядома, чытаю сцэнар. Стараюся яго запомніць, але часта падчас здымак падглядваю. Вядома ж, чытаю з тэлефона закадравую частку — тую, дзе проста гучыць мой голас. Падчас здымак рэдактарка часам выпраўляе маё вымаўленне і націскі — я ўсё ж магу памыляцца. Часта праскокваюць польскі акцэнт і польскія словы. Але агулам весці рубрыку па-беларуску мне дастаткова камфортна і лёгка.

Плануем працаваць з «Белсатам» усё лета, а далей паглядзім. Калі фармат будзе адгукацца, думаю, гэта можа стаць больш доўгай гісторыяй.

— І скончым спортам. Якія ў вас найбліжэйшыя спаборніцтвы?

— 25 і 26 ліпеня ў Беластоку пройдзе чэмпіянат Польшчы па лёгкай атлетыцы, я бягу 100 і 200 метраў. І вельмі прашу падтрымкі і беларусаў, і палякаў. Вельмі хачу выканаць нарматыў, каб трапіць на чэмпіянат Еўропы. Таму падтрымка адназначна патрэбна.

Чытайце таксама:

Недасекаў: «Кароны ў мяне няма. А ў Ціманоўскай яна была яшчэ ў вучэльні»

Алімпійскі прызёр Максім Недасекаў ажаніўся другі раз. Гэтым разам з Лалітай

Максім Недасекаў выставіў на продаж машыну. Сцвярджае, што хоча набыць нерухомасць

Ціманоўская расказала, што атрымлівае ў Варшаве як спартоўка 700 еўра ў месяц

Крысціна Ціманоўская збіраецца стаць вядучай на «Белсаце»

Каментары да артыкула