З аўкцыёна Sotheby's прадалі савецкі сцяг, які пабываў на Месяцы
Мініяцюрны савецкі сцяг, які ў 1969 годзе пабываў на Месяцы падчас місіі «Апалон-11», быў прададзены на аўкцыёне Sotheby's за 80 тысяч даляраў.
Чырвонае палотнішча памерам 10 на 15 сантыметраў узяў з сабой у гістарычны палёт амерыканскі астранаўт Баз Олдрын. Менавіта ён разам з Нілам Армстрангам удзельнічаў у першай у гісторыі высадцы чалавека на Месяц.
Падчас таргоў сцяг быў прададзены за 80 тысяч даляраў. З улікам аўкцыённага збору канчатковая сума пакупкі склала 102,4 тысячы долараў.
У правым верхнім куце сцяга сіняй ручкай зроблены надпіс: «Дастаўлены на Месяц на «Апалоне-11», побач знаходзіцца асабісты подпіс База Олдрына. Да лота таксама прыкладалася гарантыйнае пісьмо ад астранаўта, у якім ён пацвердзіў, што сцяг сапраўды знаходзіўся на борце каманднага модуля «Калумбія» падчас першай месяцовай экспедыцыі.
Па словах прадстаўнікоў аўкцыённага дома Sotheby's, Олдрын узяў з сабой савецкі сцяг як сімвалічны жэст добрай волі. Такім чынам ён хацеў падкрэсліць, што першая высадка чалавека на Месяц была дасягненнем не толькі Злучаных Штатаў, але і ўсяго чалавецтва, незалежна ад палітычных і ідэалагічных супярэчнасцяў паміж дзяржавамі.
Чытайце таксама:
NASA шукае добраахвотнікаў для праграмы тэсціравання жыцця на Месяцы і Марсе
НАСА назвала імёны членаў экіпажа місіі «Артэміда-3» — чарговага этапу на шляху да высадкі на Месяц
Ракета Blue Origin мільярдэра Джэфа Безаса выбухнула на старце