БЕЛ Ł РУС

Зяленскі анансаваў адкрыццё архіваў па Валынскай трагедыі

17.07.2026 / 22:20

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў адкрые архівы Службы бяспекі Украіны і Службы знешняй разведкі, якія тычацца трагічных падзей XX стагоддзя на Валыні. Пра гэта ён паведаміў пасля нарады, прысвечанай развіццю адносін з Польшчай.

Помнік ахвярам Валынскай трагедыі ў польскім Пярэмышльскім павеце. Фота: powiat.przemysl.pl

Паводле слоў Зяленскага, па выніках нарады вызначылі пяць асноўных крокаў для паляпшэння ўкраінска-польскага супрацоўніцтва.

«Першае: будуць рашэнні на дыпламатычным кірунку. Другое: будуць адкрытыя ўсе архівы Службы бяспекі Украіны і Службы знешняй разведкі Украіны датычна трагічных падзей ХХ стагоддзя на Валыні. Трэцяе: будуць рашэнні для выдачы дадатковай істотнай колькасці дазволаў на пошукавыя эксгумацыйныя работы, і разам з польскім бокам мы павінны забяспечыць большую магчымасць для правядзення такіх работ», — паведаміў ён.

Акрамя таго, бакі маюць намер пашыраць грамадскі дыялог паміж дзвюма краінамі. Зяленскі таксама прапанаваў узмацніць магчымасці Украінскага інстытута нацыянальнай памяці і заклікаў разгледзець пытанне аб павелічэнні яго фінансавання.

Апошнім часам адносіны паміж Украінай і Польшчай застаюцца напружанымі. Адной з прычын стала рашэнне ўкраінскага кіраўніцтва надаць аднаму з вайсковых падраздзяленняў ганаровае найменне «Герояў УПА», што выклікала крытыку ў Польшчы. Пасля гэтага польскі бок прыняў шэраг рашэнняў, звязаных з ацэнкай гістарычных падзей і ўшанаваннем памяці ахвяр Валынскай трагедыі. Сярод іншага прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі пазбавіў Зяленскага польскага Ордэна Белага Арла, пасля чаго адбыўся дэмарш трох былых прэзідэнтаў Украіны і іншых высокіх чыноўнікаў, якія ў знак салідарнасці адмовіліся ад сваіх узнагарод.

Чытайце таксама:

Караль Наўроцкі заклікаў польскі Сейм забараніць сцяг УПА

У Варшаве ўладальніца крамы паказала дызлайкі ўдзельнікам антыўкраінскага мітынгу. Пасля таго яе краму разграмілі

Качыньскі: Украіна не ўступіць у ЕС, калі не зменіць свой курс

Пятро Парашэнка таксама вярнуў Польшчы ордэн Белага Арла

Прэзідэнт Польшчы пазбавіў Зяленскага Ордэна Белага Арла — найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды краіны

Каментары да артыкула