32‑гадовую настаўніцу гісторыі з Мінска асудзілі па палітычнай справе
Кацярына Жогаль шмат гадоў выкладала ў школе. Але нядаўна яе асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Кацярына Жогаль. Фота: Укантакце
Кацярыне Жогаль 32 гады. Яна паходзіць з вёскі Глыбачка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. У 2015 годзе дзяўчына скончыла гістарычны факультэт БДУ, а ў 2016‑м атрымала ступень магістра гістарычных навук.
Больш за 12 гадоў Кацярына займалася падрыхтоўкай школьнікаў да ЦТ і ЦЭ па гісторыі і грамадазнаўстве. Яна таксама працавала настаўніцай у сталічнай школе №124, выкладала ў адукацыйным цэнтры Equal і вяла вячэрнія курсы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце замежных моў (былы «іняз»).
Выкладчыца мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, а вучні пакідалі пра яе выключна станоўчыя водгукі як пра любімага настаўніка.
Нядаўна жанчыну асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле часткі 1 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэміцскай дзейнасці).
Жогаль прысудзілі хатнюю хімію.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Гэта выклікала масавыя народныя пратэсты, у якіх удзельнічалі мільёны людзей. У адказ на гэта ўлады распачалі арышты.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 9594 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі каля 500 тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
Чытайце таксама:
20‑гадовую дзяўчыну з аграгарадка Макраны на мяжы з Украінай асудзілі за Гаюна
24‑гадовага медыка з Асіповіч асудзілі за палітыку
Жанна з Мазыра працавала ў Познані, але вярнулася ў Беларусь. І яе кінулі ў СІЗА за палітыку