БЕЛ Ł РУС

Круты: Работнікі з Узбекістана завозяцца ў Беларусь пад інвестпраекты

18.07.2026 / 20:16

Nashaniva.com

Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты заявіў, што прыезд у Беларусь работнікаў з Узбекістана не з'яўляецца бескантрольнай міграцыяй, а звязаны з рэалізацыяй сумесных інвестыцыйных праектаў.

Дзмітрый Круты. Фота: Wikimedia Commons

Па словах Дзмітрыя Крутога, падчас апошніх перамоў кіраўнікоў Беларусі і Узбекістана гаворка ішла перш за ўсё пра развіццё інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а не проста пра абмен працоўнай сілай.

Чыноўнік адзначыў, што гандлёвыя адносіны паміж дзвюма краінамі развіваюцца паспяхова. Узбекістан, паводле яго слоў, зацікаўлены ў рэалізацыі ў Беларусі праектаў у сферы аграпрамысловага комплексу, перапрацоўкі прадукцыі і іншых галін.

Асаблівая ўвага, як паведаміў Круты, надаецца харчовай бяспецы. У якасці прыкладу ён прывёў вытворчасць і пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, у тым ліку бульбы. Паводле яго слоў, ва Узбекістане пасля заканчэння сезона ранніх сартоў узнікае дэфіцыт позніх сартоў, таму краіна зацікаўленая ў сумесных праектах вырошчвання і паставак.

Для рэалізацыі такіх праектаў, адзначыў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, і могуць залучацца работнікі з Узбекістана. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра спецыялістаў з адпаведнай кваліфікацыяй, якія будуць працаваць на канкрэтных прадпрыемствах і інвестыцыйных пляцоўках.

Чыноўнік таксама расказаў, што працэдура прыезду замежных работнікаў у Беларусь прадугледжвае некалькі этапаў. Спачатку беларускія арганізацыі падаюць заяўкі на неабходных спецыялістаў, пасля чаго праводзіцца праверка кандыдатаў, у тым ліку праз дыпламатычныя структуры.

Пасля прыезду работнікі заключаюць працоўныя дамовы, у якіх вызначаюцца ўмовы аплаты працы, абавязкі і іншыя гарантыі. Асобна вырашаецца пытанне жылля — могуць выкарыстоўвацца інтэрнаты, гатэлі, арэнднае або іншае жыллё.

Калі работнікі прыязджаюць разам з сем'ямі, то іх сваякі, паводле слоў Крутога, атрымліваюць магчымасць сацыялізацыі: дарослым дапамагаюць з працаўладкаваннем, а дзецям — з навучаннем у школах і дзіцячых садках.

Ён таксама заявіў, што тэма прыезду работнікаў з Узбекістана была, маўляў, «раздзьмутая інфармацыйна». Круты параўнаў цяперашнюю сітуацыю з папярэднімі дыскусіямі вакол магчымай працоўнай міграцыі з іншых краін і падкрэсліў, што мэта такіх праектаў — каб яны былі выгаднымі як Беларусі, так і Узбекістану.

Пасля таго, як падчас нядаўняга візіту ў Беларусь прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева была падпісаная адпаведная двухбаковая дамова, першая арганізаваная група грамадзян Узбекістана ўжо прыбыла ў Беларусь. Паведамлялася, што яны будуць працаваць у васьмі раёнах Віцебскай вобласці, а таксама ў Віцебску і Наваполацку. Найбольш іх збіраюцца выкарыстаць у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

Аднак жа адразу пасля прыбыцця ўзбекскіх работнікаў аказалася, што ўмовы, якія ім насамрэч прапанавалі, значна адрозніваюцца ад дэклараваных, што выклікала канфлікт. Пасля яго ўдалося прынамсі часова прытушыць павышэннем заробкаў і паляпшэннем жыллёвых умоў.

Чытайце таксама:

Сергеенка: Мы выконваем усе абавязальніцтвы па прыёме работнікаў з Узбекістана

«Ніхто не вярнуўся». Як вырашылі пытанне з работнікамі з Узбекістана, незадаволенымі ўмовамі ў Беларусі

Кубракоў: Працоўныя мігранты ўжо размеркаваныя па прадпрыемствах

«Нам зараз плацяць па 700 даляраў заробку». Аўтар відэа з пратэстам узбекаў запісаў новае, а старое заклікае выдаліць

Мігранты з Узбекістана, якія толькі прыехалі, папрасілі вярнуць іх з Беларусі: абяцаных заробкаў няма

«Вам няма куды людзей дзяваць». Лукашэнка натхняў узбекаў засяляць апусцелую Магілёўшчыну

Каментары да артыкула