Расія ўдарыла днём па Запарожжы і ваколіцах
Расійскія войскі нанеслі чарговыя ўдары па Запарожжы і Запарожскім раёне. У выніку атакі ў абласным цэнтры пацярпелі тры чалавекі, а ў сяле Лежына ратавальнікі правяраюць інфармацыю пра магчымых людзей пад заваламі разбураных будынкаў, піша «Украінская праўда».
Фота ілюстрацыйнае
Па словах кіраўніка Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Івана Фёдарава, спачатку расійскі беспілотнік ударыў па тэрыторыі прадпрыемства харчовай прамысловасці ў Запарожжы. У выніку атакі ўзнік пажар: загарэліся вытворчыя памяшканні і аўтамабілі.
Медыцынская дапамога спатрэбілася тром пацярпелым — 33‑гадовай жанчыне, а таксама мужчынам ва ўзросце 25 і 41 года. Інфармацыі пра іх стан пакуль не паведамляецца.
Каля 16:50 мясцовыя ўлады папярэдзілі жыхароў Запарожскай вобласці пра пагрозу новых удараў кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі.
Неўзабаве стала вядома, што расійская авіяцыя нанесла ўдар кіраванымі авіябомбамі па сяле Лежына ў Запарожскім раёне. Паводле папярэдніх звестак, у выніку разбурэння жылых дамоў пад іх заваламі могуць знаходзіцца людзі. На месцы працуюць экстраныя службы, працягваюцца пошукава-выратавальныя работы, удакладняюцца маштабы разбурэнняў і колькасць пацярпелых.
Чытайце таксама:
Пуціну далажылі пра аднаўленне кантролю над «сухапутным калідорам» у Крым
Ад удару дронам загінуў галоўны інжынер Запарожскай АЭС
Расія знішчае ўкраінскія АЗС. Як і да чаго гэта можа прывесці