Выйшаў на свабоду адвакат Аляксандр Данілевіч
Беларускі адвакат Аляксандр Данілевіч, асуджаны раней да шасці гадоў пазбаўлення волі па справе, звязанай з яго прафесійнай дзейнасцю, выйшаў на свабоду. Пра сваё вызваленне ён паведаміў, апублікаваўшы фотаздымак на ўласнай старонцы ў фэйсбуку.
Аляксандр Данілевіч. Фота з ягонай фэйсбук-старонкі
Аляксандра Данілевіча затрымалі 20 траўня 2022 года супрацоўнікі КДБ на працоўным месцы. Спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, пасля перавялі ў СІЗА №1 у Мінску. Яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб закліках да дзеянняў, якія, паводле следства, нібыта шкодзілі нацыянальнай бяспецы Беларусі, а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Следства сцвярджала, што са жніўня 2020 года да мая 2022 года Данілевіч аказваў юрыдычную дапамогу прадстаўнікам Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, рыхтаваў і рэдагаваў звароты да замежных кампаній, а таксама даваў інтэрв'ю незалежнаму спартыўнаму выданню. Сам адвакат віны не прызнаў і настойваў, што дзейнічаў выключна ў межах сваёй прафесійнай дзейнасці.
Судовы працэс пачаўся ў Мінскім гарадскім судзе ў сакавіку 2023 года. Пракурор прасіў прызначыць адвакату дзесяць гадоў пазбаўлення волі, аднак 10 красавіка суд прызначыў Данілевічу пакаранне ў выглядзе шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Апеляцыйны суд пакінуў прысуд без зменаў.
Да затрымання Аляксандр Данілевіч быў вядомым спецыялістам у галіне міжнароднага і спартыўнага права. Ён валодае некалькімі замежнымі мовамі, выкладаў на факультэце міжнародных адносін БДУ больш за дваццаць гадоў, узначальваў Беларускую федэрацыю рэгбі, уваходзіў у міжнародныя органы ў сферы антыдопінгавага права і праходзіў стажыроўкі ў Італіі, Швейцарыі і Нідэрландах.
Незадоўга да затрымання Данілевіч падпісаў антываенны зварот беларускіх юрыстаў супраць вайны ва Украіне. Пасля гэтага ў дачыненні да яго распачалі дысцыплінарную вытворчасць у адвакатуры, а таксама звольнілі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пакаранне ён адбываў у калоніі №17 у Шклове, а выйшаў на волю раней за вызначаны прысудам тэрмін. Пакуль невядома, стала гэта вынікам памілавання або якога іншага юрыдычнага рашэння.
Чытайце таксама:
Журналіст Ігар Ільяш сустракае за кратамі другі дзень народзінаў. У яго моцна пагоршылася здароўе
Журналіста Алеся Любенчука паўторна асудзілі, абвясцілі «тэрарыстам» — але вызвалілі