Аб'явілі збор на развітанне са Святланай Курс. Яе хочуць пахаваць у Беларусі
На платформе «Байсол» адкрылі збор на просьбу родных памерлай 19 ліпеня пісьменніцы Святланы Курс. Сям’я хоча годна развітацца з чалавекам, які ўсё сваё жыццё прысвяціў беларускай мове, літаратуры і журналістыцы.
Святлана Курс
Плануецца правесці публічную цырымонію развітання ў Варшаве. Дакладныя месца і час будуць паведамленыя сям’ёй асобна. Пасля гэтага цела Святланы, аформіўшы ўсе неабходныя дакументы, плануюць перавезці ў Беларусь і пахаваць яе на радзіме.
Каб зрабіць гэта магчымым, сям’я ўжо была вымушана ўзяць крэдыт. Менавіта на пагашэнне гэтага крэдыту і адкрываецца збор.
Святлана была адной з самых яркіх постацяў сучаснай беларускай літаратуры. Яна шмат гадоў працавала ў незалежнай беларускай журналістыцы, а яе кнігі «Шлях дробнай сволачы» і асабліва «Па што ідзеш, воўча?», адзначаная Прэміяй Ежы Гедройца, сталі важнай часткай сучаснай беларускай культуры.
Калі вы чыталі кнігі Святланы, калі яе словы калісьці падтрымалі вас, прымусілі задумацца або дапамаглі лепш зразумець Беларусь, — сёння вы можаце падтрымаць родных Святланы.
Сума збора — €6000
€2000 — арганізацыя публічнай цырымоніі развітання са Святланай ў Варшаве.
€2200 — рэпатрыяцыя цела з Польшчы ў Беларусь.
€800 — афармленне неабходных дакументаў і консульскіх дазволаў.
€1000 — арганізацыя пахавання ў Беларусі.
Падтрымаць збор можна па спасылцы.
Чытайце таксама:
«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай
«Вялікая страта для ўсёй Беларусі». Ціханоўская адгукнулася на смерць Святланы Курс