Літаратура1414

«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай

«Я пішу, каб даць некалькі парадаў, якімі ты і так не зможаш скарыстацца, таму што цябе ўжо няма. Высокай, нязграбнай, неўратычнай дзяўчыны». Гэты ліст сабе 15‑гадовай Святлана Курс напісала ў 2023-м. Ён ніколі не публікаваўся.

Варшава, Лясок-на-Коле, 10 лістапада 2023 года — на Любаншчыну, 21 чэрвеня 1987 года.

Дарагая Света,

Я пішу табе 15‑гадовай амаль праз сорак год, і я рада сказаць, што ў мяне няма ані ценю апасення, што ты мяне не зразумееш, ані неабходнасці прысядаць перад табой на кукішкі, як пры размове дарослага з дзіцем. Я адчуваю толькі бясконцую павагу да цябе, бо ведаю, што ты і больш стойкая, і больш разумная, і больш мілая, чым думаеш пра сябе. Мне лёгка цябе шанаваць і шкадаваць, таму што сорак год змяняюць перспектыву, і я ўспрымаю цябе як іншага чалавека. 

Я пішу, каб даць некалькі парадаў, якімі ты і так не зможаш скарыстацца, таму што цябе ўжо няма. Высокай, нязграбнай, неўратычнай дзяўчыны. 

Твая галоўная праблема ў тым, што ты ніколі не мела ніякага гарызонту планавання. Іншыя людзі планавалі кар’еру, сям’ю, і толькі ты хацела жыць як набяжыць, скончыць універсітэт, а там жыццё само пасцеле табе дарожку пад ножкі, а кожная дарожка па-свойму цікавая. Ды і тое сказаць, дарожка з'яўляецца толькі пасля таго, як нехта яе пралажыў. Да гэтага мы маем справу з бяскрэсам, пусткай, бездаражжу, і гэта страшна і цікава. 

І гэта было тваёй галоўнай памылкай — не планаваць, не марыць, а ісці куды вочы глядзяць. А вочы глядзелі на Беларусь. Беларусь цябе падвядзе пад тулянні, пакуты, пакутлівая любоў да яе будзе атручваць тваё жыццё дзесяцігоддзямі.

Таму што Беларусь будуць вытраўліваць кіслатой. І таму мая першая парада табе — знайдзі тое месца, дзе ў табе зарадзілася надзея, і затапчы гэтую змяю. Зразумей, што наперадзе не свабода і будаўніцтва пекнага краю, а праца і барацьба, каб гэты край выжыў і дыхаў. Міне сорак год, а будзе штодня рабіцца горай. І ў такой сітуацыі трэба правільна жыць і рэагаваць. 

Не суцяшай сябе курывам, алкаголем, іншымі геданістычнымі рэчамі кшталту неамбітнай літаратуры ці неамбітнага кахання, інакш напрыканцы ты знойдзеш сябе там, дзе і была. Вучыся пільна, працуй напружана, пашырай лінейку навыкаў — усе спатрэбяцца твайму любімаму краю і табе самой. 

Я ведаю, што ты мяне не паслухаеш. Бо і так маеш цяжкі, сур’ёзны нораў, і табе неабходная доля легкадумства. Але не давай яму паражаць усе сферы жыцця. 

Думаю, першая парада пайшла намарна, і чорт з ёй. Выслухай другую. Не хітруй, не хлусі і не подлічай ні ў чым. Высакароднаму чалавеку прасцей выжыць. Яму не даводзіцца штодня прарывацца праз агіду да сябе, заліваць гэтую агіду алкаголем, абжорствам і чым толькі не заліваюць агіду да сябе. Успаміны, крыніцы жыцця высакароднага чалавека — не атручаныя. Эрыніі за ім не лётаюць. І няма яму неабходнасці цягаць за сабой вярыгі віны, сораму і страху. Вінаваты чалавек усё болей наліваецца злобай, адрэагоўвае яе на іншых людзях і робіцца ўсё горшы, губячы сабе і ўсё навокал. Заглушыць сумленне немагчыма — гэта голас Госпада ў табе, не будзь дурніцай і не рабі гадасцяў. «Няхай твае словы будуць так-так, не-не, а астатняе ад д’ябла».

Наперадзе ў цябе чорныя часы, якія цябе атруцяць і часткова заб’юць — цябе абдзяруць з усяго, што будзе табе дорага, таму табе патрэбная правільная перспектыва. Чытай старажытных гісторыкаў і філосафаў (антычных, кітайскіх), эпасы, сучасных даследнікаў рэчаіснасці, палітолагаў, сацыёлагаў, навукоўцаў. Ты зразумееш, што ёсць нешта большае, шырэйшае, вышэйшае і вечнае, што чалавецтва як перла сваім размераным ласіным бегам, так і далей папрэ, а ты застанешся. 

Каб лягчэй пражываць дэпрывацыю, выгнанне, зламаную кар’еру, паклапаціся пра сваё прыватнае жыццё.

Жыві з максімальнай прастатой — то-бок выцягвай руку толькі па самае лепшае. Па рэчы, з'явы, людзей найвышэйшай якасці. «Не чапай, Савось, гаўна!» Часцей за ўсё табе ніхто па лапах не дасць. 

Ніколі не бойся застацца адна і голая, і жалесная, і што іншыя людзі ўгледзяць тваю галізну і маласць, засмяюцца, а што яшчэ горш — пашкадуюць. Таму што ты сапраўды адзінокая, малая, голая і жаласная. Ты чалавек, адзінота належыцца чалавеку. 

Мужчын бяры толькі самых прыцягальных, прыгожых і жаданых, плюнь на думку, што мужчына павінен быць надзейным чалавекам. Рэсурсы ў табе, пражывеш. У дачыненні да мужчын кіруйся толькі сэрцам, розумам, цягай, радасцю — не разлікам. 

Шануй працу, кахай працу, у працы сэнс і крыніца шчасця. Але ніколі не «выходзь са свае зоны камфорту» і не «ідзі ў кірунку свайго страху». Заставайся ў сваёй зоне камфорту, бо гэта твой сонечны зайчык, рухайся ў ім у кірунку сваіх любовяў, жарсцяў і захапленняў. Ідзі да Госпада, да цяпла, бяздумна і імпэтна, як сланечнік ці пузатае шчаня. 

Часу і смерці не існуе, таму гадоў не бойся. Твае 50‑я стануць найлепшым векам. Скурка трохі пакамечаная, не бяды. 

У самаацэнцы вер не сабе, а Госпаду — яму агарчыцельна бачыць, як ты з сябе здзекуешся. Ён любіць сваё заплаканае, надзьмутае, замурзанае дзіця — і верыць у яго. 

Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». 

Пісьменніца Святлана Курс памерла ўчора, 20 ліпеня. Яна апошні год змагалася з анкалагічным захворваннем. Ёй было 54 гады.

Каментары14

  • Смутак
    21.07.2026
    Светачка, якая страта, так цябе бракуе. НН, дзякуй за публікацыю.
  • Апостал
    21.07.2026
    Света, ты пражыла добрае жыццё. Не iдэальнае, але вельмi чалавечае. Дзякуй.
  • Траян
    21.07.2026
    Яна гаварыла на тарашкевіцы. А пісала на русіфікаванай наркамаўцы ці што?

Цяпер чытаюць

Статкевіч апублікаваў фоты іх новага з Марынай Адамовіч дома3

Статкевіч апублікаваў фоты іх новага з Марынай Адамовіч дома

Усе навіны →
Усе навіны

Намесніка дырэктара мазырскага каледжа асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»5

Расія і ЗША ў ААН прыбралі патрабаванне пра кантроль чалавекам над вайсковым штучным інтэлектам1

Такаеў звольніў міністра абароны пасля гібелі 14 вайскоўцаў на вучэннях2

Іспанскі смоўж жарэ ўсё запар. Спыніць яго дапаможа піва — любое, і цяпер акурат час для гэтага6

Кіраўнік МЗС Германіі распавёў, навошта сустракаўся з Лаўровым і якія тэмы абмяркоўвалі1

Што, калі б у прыродзе не было драпежнікаў? Прыклад аднаго вострава паказаў, што гэта зусім не рай8

У першым матчы Лігі нацый УЕФА беларусы прайгралі Албаніі3

«Павяліся на бясплатную экскурсію і пакінулі там $500». Беларуска расказала пра адпачынак у В'етнаме10

Украіна ўпершыню прымяніла ў баях на Данбасе баявых робатаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Статкевіч апублікаваў фоты іх новага з Марынай Адамовіч дома3

Статкевіч апублікаваў фоты іх новага з Марынай Адамовіч дома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць