БЕЛ Ł РУС

«Ён нас ненавідзіць — і ненавідзіць паслядоўна». Як расійскія ваенныя блогеры ацанілі новага галоўнакамандуючага УСУ

23.07.2026 / 13:31

Вінцэсь Клепачэня

Прызначэнне 43‑гадовага Міхаіла Драпатага галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны выклікала актыўную рэакцыю ў супольнасці расійскіх ваенных блогераў. Пры гэтым адзінства ў ацэнках няма.

Генерал-маёр Міхаіл Драпаты. Фота: Drapatyi_M / Х

Яшчэ напярэдадні прызначэння аўтар тэлеграм-канала «Zаписки vетерана» Аляксей Каргапольцаў прагназаваў, што Драпаты можа стаць больш складаным супернікам для расійскай арміі, чым ягоны папярэднік. На думку блогера, галоўная перавага новага галоўнакамандуючага — узрост і досвед, атрыманы ўжо падчас вайны.

«Ці будзе Драпаты лепшы за Сырскага — пабачым. Але адна ягоная перавага перад Сырскім, якая можа абярнуцца для нас мінусам, — гэта тое, што Драпаты вельмі малады (43 гады) і энергічны. Падчас падзей 2014 года ён быў усяго толькі камбатам і прасоўваўся па кар'ернай лесвіцы ўжо ва ўмовах вайны».

Тэлеграм-канал «Операция Z: Военкоры Русской Весны» на навіну аб прызначэнні Міхаіла Драпатага адрэагаваў значна больш эмацыйна. Аўтары назвалі новага кіраўніка УСУ «нацыстам» і «русафобам», апублікаваўшы легендарнае відэа з Марыупаля вясны 2014 года.

Гэтае ж відэа выкарыстаў і блогер Кірыл Фёдараў. На яго думку, дзеянні Драпатага яшчэ ў 2014 годзе сведчаць пра ягонае стаўленне да Расіі.

«Ён нас ненавідзіць — і ненавідзіць паслядоўна. А значыць, будзе імкнуцца забіваць, не зважаючы ні на якія маральныя абмежаванні».

Фёдараў таксама выкарыстаў прызначэнне Драпатага як нагоду для закліку да больш жорсткіх дзеянняў расійскага боку.

«Пытанне толькі ў тым: ці будзем мы такімі ж у адказ… ці нарэшце вернем сабе ініцыятыву эскалацыі?»

Падобным чынам ацэньвае новага галоўнакамандуючага і аўтар канала «Воевода вещает», былы лётчык Аляксей Земцаў. Ён лічыць, што галоўная адметнасць Драпатага — асабістая варожасць да Расіі.

«У адрозненне ад Сырскага, які толькі «раўнуй-зважай», Драпаты шчыра нас ненавідзіць».

«Для нас гэта дрэнна», — заўважае блогер і выказвае надзею, што на сваёй пасадзе ён пратрымаецца нядоўга.

Пры гэтым ён спрабуе прынізіць здольнасці новага галоўнакамандуючага:

«Тыя, хто лічыць Драпатага пісьменным камандзірам, памыляюцца. Водгукі пра яго вельмі неадназначныя. У нас хапае тых, хто перайшоў з таго боку і сцвярджае, што Драпаты — не таго ўзроўню. Многія кажуць, што ён увогуле дубовы».

Яшчэ больш рэзка выказаўся блогер Уладзімір Раманаў. Ён сцвярджае, што новы галоўнакамандуючы нібыта не надта клапоціцца пра сваіх падначаленых і арыентуецца перадусім на адносіны з палітычным кіраўніцтвам:

«Для яго найперш важная блізкасць да вярхоў».

У якасці аргумента Раманаў прыводзіць уласную інтэрпрэтацыю падзей вакол Дэбальцава, сцвярджаючы, што Драпаты «пакінуў свае войскі і ўцёк на мікрааўтобусе». Пацвярджэнняў гэтаму выказванню ён не прыводзіць.

Найбольш стрыманую ацэнку даў блогер Міхаіл Звінчук, аўтар тэлеграм-канала «Рыбарь». Ён прызнае, што Драпаты выглядае больш небяспечным праціўнікам за Сырскага, аднак лічыць, што ўплыў новага галоўнакамандуючага не варта пераацэньваць.

«З аднаго боку, 43‑гадовы Драпаты ўсё ж выглядае больш небяспечным ворагам, чым згаданы Сырскі. (…) Але на пяты год вайны асноўныя праблемы УСУ (і, дарэчы, не толькі іх) ляжаць не ў плоскасці асобы галоўнакамандуючага».

На думку Звінчука, дэфіцыт асабовага складу, праблемы з боепрыпасамі і наступальным патэнцыялам немагчыма вырашыць адной толькі заменай генерала.

«У цэлым асоба галоўнакамандуючага УСУ або ўкраінскага міністра абароны сёння далёка не галоўны фактар, які ўплывае на стратэгічныя расклады. І замена аднаго на другога не прыводзіць да эфекту з разраду: «раней усё было дрэнна, а цяпер раптам усё стане добра».

Пры гэтым ён адмыслова заўважае, што такі прынцып дзейнічае не толькі ў дачыненні да Украіны.

«Дарэчы, гэта справядліва не толькі для Украіны. Як і тое, што асноўныя праблемы ўласных узброеных сіл цяпер залежаць не ад таго, хто сядзіць у крэсле камандуючага арміяй праціўніка».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула