Адзіны нафтаперапрацоўчы завод Грузіі трапіў пад санкцыі Еўрасаюза
Адзіны ў Грузіі нафтаперапрацоўчы завод, размешчаны ў чарнаморскім порце Кулеві, уключаны ў 21‑шы пакет санкцый Еўрапейскага саюза. Абмежаванні звязаныя з тым, што прадпрыемства перапрацоўвае расійскую нафту, піша Deutsche Welle.
НПЗ у Кулеві. Фота: portnews.ru
Паводле рашэння Рады ЕС, забарона на здзелкі з заводам уступіць у сілу 25 студзеня 2027 года. Аднак гэтага можна пазбегнуць, калі да таго часу прадпрыемства цалкам адмовіцца ад перапрацоўкі расійскай сыравіны.
Яшчэ 1 ліпеня кампанія Black Sea Petroleum (BSP), якая валодае заводам, паведаміла, што ў жніўні—верасні спыніць выкарыстанне расійскай нафты. Паводле грузінскіх СМІ, цяпер каля 99 % імпарту нафты ў Грузію прыпадае менавіта на Расію.
Міністэрства замежных спраў Грузіі 24 ліпеня выказала шкадаванне з нагоды рашэння Еўрасаюза. У ведамстве заявілі, што падчас падрыхтоўкі 21‑га пакета санкцый грузінскі бок перадаў еўрапейскім інстытутам усю неабходную інфармацыю і дакументы, якія, на яго думку, сведчаць пра адсутнасць падстаў для ўвядзення абмежаванняў супраць завода.
У МЗС таксама выказалі надзею, што на працягу наступных шасці месяцаў Еўрасаюз перагледзіць сваё рашэнне. Грузія, як адзначылі ў ведамстве, гатовая і надалей супрацоўнічаць з ЕС і даваць усю неабходную інфармацыю.
Пра магчымасць увядзення санкцый супраць нафтаперапрацоўчага завода ў Кулеві паведамлялася яшчэ ў лютым 2026 года. Паводле расследавання расійскага выдання The Insider, уласнікі прадпрыемства маюць сувязі з Расіяй. Завод пачаў працу ў кастрычніку 2025 года, калі туды паступіла першая партыя расійскай нафты.
Еўрапейскі саюз падазраваў, што прадпрыемства магло выкарыстоўвацца для рээкспарту расійскай нафты і садзейнічання абыходу санкцый. У адказ улады Грузіі і кіраўніцтва BSP сцвярджалі, што нібыта не парушаюць санкцыйны рэжым.
У сакавіку Еўрапейская камісія паведаміла, што Грузія ўзяла на сябе абавязацельства не дапускаць у свае парты судны расійскага так званага «ценявога флоту». Тады ж у BSP заявілі пра намер паступова замяніць расійскую нафту сыравінай з Туркменістана, Казахстана і іншых альтэрнатыўных крыніц.
Чытайце таксама:
Мазырскі НПЗ трапіў пад санкцыі ЕС
У найбуйнейшы пакет санкцый ЕС за апошнія чатыры гады ўвайшлі НПЗ Беларусі і Расіі
ЕС можа дазволіць еўрапейскім кампаніям яшчэ год перавозіць расійскі газ