БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт ФІФА хоча падзяліцца правамі на мундыяль з блізкімі да Трампа прыватнымі інвестарамі

28.07.2026 / 23:07

Nashaniva.com

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі футбола Джані Інфанціна плануе прыцягнуць прыватных інвестараў да кіравання камерцыйнымі правамі чэмпіянату свету, паведамляе выданне The Times.

Джані Інфанціна і Дональд Трамп падчас уручэння ўзнагарод чэмпіянату свету 2026 года. Фота: AP Photo/Jacquelyn Martin

Па інфармацыі газеты, план прадугледжвае стварэнне асобнай кампаніі, якая будзе займацца арганізацыяй і камерцыйным кіраваннем сусветным першынствам.

Узначаліць інвестыцыйную групу павінна кампанія Thrive Capital, заснаваная Джошуа Кушнерам — малодшым братам Джарэда Кушнера, зяця прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Паведамляецца, што Інфанціна ўжо правёў на гэты конт кансультацыі з асобамі, блізкімі да адміністрацыі Дональда Трампа.

Кошт здзелкі па продажы долі ў правах на чэмпіянат свету ацэньваецца прыкладна ў 17 мільярдаў еўра. Пры гэтым ФІФА плануе захаваць кантрольны пакет акцый і асноўны ўплыў на кіраванне турнірам.

Сам Інфанціна заявіў, што далейшае развіццё сусветнага футбола патрабуе новай арганізацыйнай мадэлі. Паводле яго слоў, камерцыйны бок гульні павінен працаваць як самастойны і эфектыўны бізнэс, што дазволіць яшчэ больш пашырыць папулярнасць футбола і павялічыць яго эканамічны патэнцыял ва ўсім свеце.

Чэмпіянат свету 2026 года нядаўна прайшоў у ЗША, Канадзе і Мексіцы. У фінальным матчы, які адбыўся ў амерыканскім Нью-Джэрсі, зборная Іспаніі ў дадатковы час з лікам 1:0 перамагла Аргенціну і стала новым чэмпіёнам свету.

Чытайце таксама:

Трамп хоча, каб Інфанціна стаў генеральным сакратаром ААН

Трамп стаў героем мемаў пасля чэмпіёнскага фота зборнай Іспаніі

Трамп пацвердзіў, што асабіста прасіў кіраўніка ФІФА не дыскваліфікоўваць форварда зборнай ЗША перад 1/8 фіналу

ФІФА адклала дыскваліфікацыю найлепшага бамбардзіра зборнай ЗША пасля званка з Белага дома

Каментары да артыкула