БЕЛ Ł РУС

Кіроўца аўтамабіля, які ўрэзаўся ў мікрааўтобус з беларускімі турыстамі ў Батумі, быў без правоў і п'яны

29.07.2026 / 17:01

Nashaniva.com

У Батумі сталі вядомыя новыя падрабязнасці дарожна-транспартнага здарэння, у выніку якога загінулі мужчына і жанчына з Беларусі, а яшчэ каля дзесяці чалавек атрымалі траўмы.

На месцы аварыі. Фота: ajaratimes.ge

Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, перад аварыяй паліцыя пачала пераслед аднаго з аўтамабіляў, кіроўца якога рухаўся з вялікім перавышэннем хуткасці. Менавіта падчас гэтай пагоні і адбылося сутыкненне.

Як паведамілі дзве незалежныя крыніцы, кіроўца знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. У Міністэрстве ўнутраных спраў Грузіі пацвердзілі, што мужчына сапраўды сеў за руль пасля ўжывання алкаголю, ехаў на высокай хуткасці і пры гэтым не меў пасведчання кіроўцы.

Аварыя адбылася 25 ліпеня на скрыжаванні вуліц Гаргіладзэ і Важа-Пшавэлы ў Батумі. У выніку здарэння два чалавекі з Беларусі (42‑гадовая Алена Сахацкая і 63‑гадовы Ігар) загінулі на месцы, яшчэ каля дзесяці атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

Па факце аварыі вядзецца расследаванне паводле артыкула 276 Крымінальнага кодэкса Грузіі, які датычыцца парушэння правілаў бяспекі дарожнага руху.

Чытайце таксама:

Пацярпелую ў ДТЗ у Батумі беларуску прааперавалі, яна ўжо дома

Стала вядомая асоба беларускі, якая загінула ў Батумі. Разам з ёй у перакуленым мікрааўтобусе была дачка

У аварыі ў Батумі загінулі двое беларускіх турыстаў — 43‑гадовая жанчына і 63‑гадовы мужчына

У Батумі трапіў у аварыю мікрааўтобус з беларусамі. Два чалавекі загінулі

Каментары да артыкула