«Толькі на трэці дзень пачынаю разумець». Гродзенка прайшла 100 кіламетраў па горадзе менш чым за суткі
Гродзенская фітнес-трэнерка Анастасія зладзіла ўласны чэлендж і прайшла 100 км па горадзе менш, чым за суткі. Пра персанальны рэкорд дзяўчына расказала ў Threads, заўважыла выданне Hrodna Life.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Першыя 50 км: пустыя вуліцы і лёгкі боль у цягліцах
У дарогу Анастасія адправілася ноччу — і напісала пра гэта адпаведны пост, папрасіўшы карыстальнікаў пажадаць ёй поспеху. На першых 10 км самым складаным для дзяўчыны былі пустыя вуліцы — Анастасія прызнавалася, што «размаўляе сама з сабой», а музыку ў цемры і тумане ёй слухаць зусім не хацелася.
Прайшоўшы 25 км па сваім раёне, дзяўчына накіравалася ў цэнтр горада. На 40 км гродзенка адчула, як напружыліся ягадзічныя цягліцы, а на 50 км — «захацела прылегчы».
«Да болю ў нагах ужо прывыкла. Паясніца наогул радуе, не забілася яшчэ», — апісвала адчуванні Анастасія.
Другая частка шляху: прыпынкі на каву і мазалі на пальцах ног
Да 60 км фітнэс-трэнерка з’ела ўсю ежу, якую брала з сабой з дому. На гэтым этапе голаду дзяўчына не адчувала і не звяртала ўвагі на боль у нагах.
«Адчуваю, што ўжо ёсць тры мазалі на пальцах. Але калі не спыняцца, то яны неяк прыкочваюцца і наогул не адчувальныя», — дадавала яна.
На 70 км Анастасія адчула моцную стому, тым не менш ішла без прыпынкаў. Пры гэтым агаворвала, што «туалет, курэнне і кава» — не лічацца. Ужо на наступным дзясятку дзяўчына прызналася, што сілы яе пакінулі цалкам.
Статыстыка пройдзенага Анастасіяй шляху. Фота: Threads
Фінал: паспяхова выкананы чэлендж
Але Анастасіі ўсё ж удалося фінішаваць. Выніковыя паказчыкі атрымаліся наступнымі: 100 км за 22 гадзіны і 133,4 тысяч крокаў.
«Толькі на трэці дзень я пачынаю разумець, што пераадолела 100 км. І хачу сказаць вялікі дзякуй людзям, якія мяне падтрымлівалі і былі са мной да самага фінішу. Ваша падтрымка была неацэнная», — пасля напісала ў Threads Анастасія.
Вынік. Фота: Threads
Увесь наступны тыдзень дзяўчына аднаўлялася, але трэніроўкі ўсё роўна праводзіла, хоць і ў палегчаным варыянце.
Іншая гараджанка ладзіла падобны чэлендж
Восенню 2025 года гродзенка Кацярына зладзіла сабе іншы чэлендж — захацела абыйсці ўвесь горад за адзін дзень. Дзяўчыне гэта ўдалося — на выкананне задання пайшло дзесяць гадзін, за гэты час Кацярына пераадолела 43 км.
Чытайце таксама:
У цэнтры Мінска затрымалі голага бегуна, які ўдзельнічаў у трэш-чэленджы Мелстроя
Беларус нырнуў без рыштунку на глыбіню 30 метраў у Мексіцы. І ўсё дзеля шыкоўных фота
Хлопец расклеіў па Мінску чатыры тысячы аб’яў пра тое, што шукае дзяўчыну. Што з гэтага атрымалася?