БЕЛ Ł РУС

Каталіцкі біскуп далучыўся да акцыі «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба»

30.07.2026 / 18:58

Nashaniva.com

Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска стаў удзельнікам марафону «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба» пад назвай «10 тысяч крокаў». Пра гэта ён сам паведаміў на сваёй старонцы, падзякаваўшы арганізатару за ініцыятыву, піша Katolik.life.

Біскуп Андрэй Зноска

Сутнасць акцыі ў тым, каб прайсці 1 мільён крокаў за 100 дзён марафону, у сярэднім — каля 10 тысяч крокаў у дзень. Сярод удзельнікаў разыграюць прызы — сертыфікат на падарожжа і грашовыя сертыфікаты.

Пазней біскуп запісаў відэа пра свой удзел у чэленджы. Пасля фэсту ў вясковай парафіі на Гродзеншчыне ён ішоў пешкі па трасе разам з іншым святаром і семінарыстам:

«Па дарозе, думаю, Ружанец адгаворым, таму гэта будзе ўжо не толькі спартыўная трэніроўка, але і свайго роду пілігрымка», — напісаў Андрэй Зноска, затэгіўшы «Прэзідэнцкі спартыўны клуб».

«У сваіх пастаянных падарожжах заўсёды маю з сабой красоўкі і зручную вопратку. Каб займацца спортам, неабавязкова купляць дарагі абанемент у залу ці набываць сабе складаныя трэнажоры. Дастаткова ўстаць з канапы і пайсці хадзіць пехатой.

Быў час, што мяне прымушала да прагулак мая сястрычка, Аня, яна доктар і я лічу яе самым лепшым у свеце кардыёлагам, а цяпер так уцягнуўся, што адчуваю дыскамфорт, калі няма магчымасці прайсці самае малое 10 000 крокаў.

Рух на свежым паветры ўзмацняе арганізм, прыводзіць думкі ў парадак, лагодзіць трывожнасць. Ідучы, дзякую Богу за любое надвор'е, за неба над галавою, за прыгажосць беларускай зямлі», — патлумачыў біскуп сваю прыхільнасць да здаровага ладу жыцця.

Чытайце таксама:

«Людзі бачылі, што разбіраюць не дрэва, а парахно». Каталіцкі актывіст заступіўся за навагрудскіх манашак

Каб пераадолець створаны ўладамі кадравы голад, у правінцыю перавялі служыць ксяндза з Мінска

Каталіцкі сайт: На Першым канале каталіцкая імша засталася, знікла яна з канала «Культура»

На Смаргоншчыне адновяць капліцу, якую знёс п'яны кіроўца

Каментары да артыкула