«Людзі бачылі, што разбіраюць не дрэва, а парахно». Каталіцкі актывіст заступіўся за навагрудскіх манашак
Пасля таго, як каталіцкіх сясцёр назарэтанак абвінавацілі ў руйнаванні гістарычнага будынка кляштара ў Навагрудку, знаёмы з сітуацыяй каталіцкі актывіст Арцём Ткачук падзяліўся думкамі адносна яе ў фэйсбуку.

1. З назарэтанкамі я звязаны з самага дзяцінства, з'яўляюся іх выхаванцам. Таму ў пэўнай ступені ведаю іх унутраную кухню.
2. Рашэнне пра разборку старога будынка і ўзвядзенне новага не адбылося ў адзін дзень. Гэта быў інтэрнат для дзяцей, тут працавала толькі адна сястра з 11‑ці благаслаўлёных мучаніц, а жылі сёстры ў дамку побач, які захаваўся і цяпер адрамантаваны.
Безумоўна, той будынак, што быў разабраны, усё роўна мае духоўную вартасць. Таму нельга казаць, што сёстрам лёгка далося рашэнне пра яго знос — гэта няпраўда. Не адзін год трывала дыскусія паміж беларускімі сёстрамі і кіраўніцтвам у Рыме, прадстаўніцамі іншых правінцый: што рабіць з будынкам.

Сёстры разумелі, што будынак цесна звязаны з благаслаўлёнымі мучаніцамі, з іх гісторыяй. Рашэнне нараджалася ў пэўным кансэнсусе ў пошуках найбольш аптымальнага варыянту.
3. Будынак быў у вельмі кепскім тэхнічным стане — не па віне манахінь. Варта памятаць, што будынак у іх быў адабраны і больш за 45 гадоў яго выкарыстоўвала савецкая ўлада. Тое, што сёстры атрымалі ў 1990‑м годзе, ужо было ў такім стане, што рамантаваць там штосьці было цяжка. Я асабіста бываў унутры дзясяткі разоў і бачыў гэта: згнілае дрэва, сцены.
Літаральна не было чаго аднаўляць, таму было прынята гэтае рашэнне.
4. Чаму цяпер вырашылі будаваць крыху іншы дом? Бо ранейшы быў пабудаваны сто гадоў таму, калі былі зусім іншыя стандарты. Там не было індывідуальных прыбіральняў, напрыклад. Гэта была школа, і людзі, якія прыязджалі на рэкалекцыі і ночылі там — фактычна спалі ў класах.

Пры перабудове дома немагчыма было б зрабіць яго практычным. А практычнасць застаецца важнай. Гэта не толькі будынак з гісторыяй. Гэта будынак, які выконваў і павінен выконваць сваю практычную ролю. Праз гэты дом прайшлі фармацыю, духоўныя практыкаванні тысячы, напэўна, дзясяткі тысяч людзей. Таму цяпер будынак будуюць такі, якім можна было б карыстацца ў XXI стагоддзі — для людзей XXI стагоддзя, каб ён далей выконваў сваю практычную ролю.
5. Магу запэўніць, што канчатковае рашэнне было прынята сёстрамі разам з многімі свецкімі вернікамі, якія карысталіся гэтым будынкам. Усе пагаджаліся, што рашэнне, прынятае сёстрамі, — рацыянальнае. Пры разборы, у якім удзельнічалі прафесійныя будаўнікі, людзі бачылі, што разбіраюць не дрэва, а парахно, і дзякавалі Богу, што будынак не разваліўся раней сам па сабе.

Таму, улічваючы ўсе гэтыя фактары, можна сказаць, што несправядліва абвінавачваць прадстаўнікоў Каталіцкага касцёла ў непавазе да гісторыі.
Манашкі разбурылі ў Навагрудку школу, якую пабудавалі святыя мучаніцы, і цяпер просяць грошы на навабуд
У Навагрудку разбураюць кляштар навагрудскіх мучаніц, якія ахвяравалі сваімі жыццямі за мясцовых жыхароў
Каб пераадолець створаны ўладамі кадравы голад, у правінцыю перавялі служыць ксяндза з Мінска
Каментары
дзіўна такое чуць ад верніка, у якога мусяць быць надзіманыя паветраныя "замкі" у галаве