Каб пераадолець створаны ўладамі кадравы голад, у правінцыю перавялі служыць ксяндза з Мінска
Вядомы каталікам Мінска і папулярны ў сацсетках каталіцкі святар, манах-кармеліт Сяргей Трысцень пераведзены на новае месца служэння. Ён быў настаяцелем манаскай супольнасці ў Мінску і служыў у касцёле Божага Цела на вуліцы Герасіменкі, а цяпер прызначаны пробашчам парафіі ў Нарачы Мядзельскага раёна, піша выданне Katolik.life.

У гэтым мястэчку айцец Сяргей Трысцень служыць ужо каля трох тыдняў, і зараз стала зразумела, што гэта не часова — у нядзелю, 26 ліпеня адбудзецца ўступленне на пасаду новага пробашча ў Нарачы, гаворыцца ў аб'явах парафіі.
Да нядаўняга часу пробашчам тут быў айцец Павел Ляліта, але ніякіх узгадак пра яго няма з таго моманту, калі ён быў прызначаны настаяцелем супольнасці кармелітаў у Нарачы.

З гэтага можна зрабіць выснову, што святар працягвае заставацца ў Нарачы, але, наколькі вядома вернікам, не можа служыць публічна — з-за таго, што дзяржаўныя ўлады не працягнулі яму дазвол на далейшую рэлігійную дзейнасць. Тое, што ён пакінуў пасаду пробашча, азначае, што перагляду рашэння аб непрацягу дазволу не адбылося.
Ён — адзін з пяці святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія маюць польскае грамадзянства і ўжо шмат гадоў служаць у Беларусі, і далейшую рэлігійную дзейнасць якіх нядаўна не ўзгадніў Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
Двое з гэтых святароў ужо пакінулі Беларусь, а астатнія — паводле звестак вернікаў — маюць намер атрымаць грамадзянства Беларусі. Калі гэта адбудзецца, яны зноў змогуць служыць публічна — дазвол уладаў у гэтым выпадку не патрабуецца.
А пакуль, каб замяніць айца Паўла Ляліту на пасадзе пробашча, у Нарач давялося перавесці з Мінска айца Сяргея Трысценя.
Вікарыят кармелітаў у Беларусі складаецца з чатырох супольнасцяў: у Мядзелі, Гудагаі, Нарачы і Мінску. У іх служаць 13 святароў, а яшчэ адзін брат праходзіць манаскую фармацыю.
Каментары
прасці мя госпадзе прасці майго боха душу грэчную