Замест золата і медзі краіны Афрыкі робяць стаўку на дурніцы і апельсіны
У пагоні за эканамічным ростам Афрыка робіць стаўку на экспарт свежай садавіны і ягад. Гэтая галіна становіцца новым відам індустрыялізацыі, які патрабуе тэхналагічнай дысцыпліны і складанай лагістыкі. З падрабязнасцямі знаёміць The Economist.
Плантацыя дурніц у Зімбабвэ. Сёння гэтая ягада — адзін з самых хуткарослых экспартных тавараў краіны. Скрын відэа: CCTVVideoNewsAgency / YouTube
Раней Афрыка экспартавала золата, алмазы ды медзь, каву, какаву ды бавоўну. Аднак апошнія гады сапраўдны прарыў адбываецца зусім у іншай сферы — вытворчасці ягад і цытрусавых.
На плантацыях у ваколіцах Харарэ, сталіцы Зімбабвэ, праца не спыняецца ні на хвіліну. Сотні рабочых збіраюць дурніцы, якія пасля ахалоджвання і сартавання адпраўляюцца самалётамі ва Усходнюю Азію або караблямі ў супермаркеты Еўропы. Калі раней эканамічныя спадзяванні краіны былі звязаныя з золатам, то сёння колер поспеху змяніўся на сіні.
Сёлета Зімбабвэ плануе паставіць на экспарт 12 тысяч тон дурніц, што ў 40 разоў перавышае паказчыкі сямігадовай даўніны. Мясцовыя банкіры жартуюць, што цяпер гэтую ягаду спрабуе вырошчваць кожны.
Гэтая сітуацыя адлюстроўвае больш глыбокія змены на кантыненце. Доля звычайнай прамысловай вытворчасці ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары не расце ўжо паўтара дзясятка гадоў, што выклікае занепакоенасць аналітыкаў. Аднак сучасныя фермы па сутнасці ператвараюцца ў міні-заводы пад адкрытым небам. Гэты працэс называюць «індустрыялізацыяй свежасці»: праца тут патрабуе вялікай колькасці людзей, але пры гэтым яна шчыльна інтэграваная ў сусветныя ланцужкі паставак і высокія тэхналогіі.
Гістарычна афрыканскія краіны залежалі ад экспарту адной-дзвюх сельгаскультур, што рабіла іх эканомікі вельмі ўразлівымі да ваганняў цэн. За апошняе дзесяцігоддзе садавіна і арэхі ўпершыню сталі галоўным сельскагаспадарчым экспартам Афрыкі, абагнаўшы нават какава-бабы, якія доўгі час былі сімвалам аграрнага экспарту кантынента. Адначасова зніжаецца роля традыцыйных культур — бавоўны, тытуню, цукровага трыснягу.
Хоць Афрыка пакуль адстае ад Лацінскай Амерыкі, дзе Перу за кароткі час стала сусветным лідарам па вырошчванні дурніц, патэнцыял кантынента каласальны. Вырошчванне ягад ператвараецца ў складаны тэхналагічны працэс: выкарыстоўваюцца кусты складанай селекцыі, іх хаваюць пад спецыяльнымі пакрыццямі, а сартаваннем займаюцца аптычныя машыны. Каб максімізаваць прыбытак, кампаніі разлічваюць цыкл вытворчасці на лета — калі амерыканскія запасы вычарпаюцца, а перуанскія яшчэ не паступяць у продаж.
Работнік кветкавай фермы ў Кеніі аглядае ружы, прызначаныя на экспарт. Сёння краіна забяспечвае каля 6% сусветнага экспарту зрэзаных кветак. Фота: AP Photo / Patrick Ngugi, File
Падобныя працэсы ідуць і ў іншых краінах. Кенія і Эфіопія занялі трывалыя пазіцыі на рынку кветак, выкарыстоўваючы сістэмы ачысткі вады і спецыяльнае асвятленне для паляпшэння выгляду раслін. Экспарт трапічнай садавіны — авакада, манга і ананасаў — за дзесяць гадоў вырас утрая. Летась еўрапейцы спажылі больш за мільён тон авакада, значную частку якога паставілі Марока і Кенія.
Асабліва паказальны прыклад Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Сёлета яна ўпершыню абышла Іспанію і стала найбуйнейшым у свеце экспарцёрам цытрусавых. Апельсіны цяпер прыносяць краіне больш валюты, чым алмазы. Поспех стаў магчымым дзякуючы адмове ад дзяржаўнага рэгулявання і стварэнню моцных галіновых асацыяцый, якія фінансуюць навуковыя даследаванні і лабіруюць інтарэсы фермераў.
Развіццё садоўніцтва цягне за сабой і іншыя галіны. У Кеніі кампаніі пачалі выпускаць сушаныя фруктовыя снэкі, каб не выкідаць прадукцыю, якая не адпавядае патрабаванням свежага экспарту. У Зімбабвэ ўзніклі агратэхналагічныя стартапы, якія распрацоўваюць мабільныя праграмы для прагназавання надвор'я і кантролю ўраджайнасці. У ПАР з'явіліся новыя даследчыя кампаніі, што працуюць на патрэбы цытрусавай галіны.
Але праблем таксама хапае. Кепскія дарогі, перагружаныя парты і недахоп халадзільнай інфраструктуры ўскладняюць пастаўкі. Акрамя таго, афрыканскім дзяржавам даводзіцца весці складаную дыпламатычную барацьбу за доступ на рынкі, бо санітарныя нормы ў развітых краінах часта выкарыстоўваюцца як прыхаваны сродак абароны ўласнага вытворцы.
Тым не менш перспектывы выглядаюць аптымістычна. У маі Кітай адмяніў мыты на большасць афрыканскіх тавараў, і першыя партыі зімбабвійскіх ягад ужо накіраваліся на гэты рынак. Поспех садавіны і кветак паказвае, што будучыня Афрыкі можа быць звязана не са здабычай сыравіны, а з інавацыйнымі вытворчасцямі ва ўсіх сферах эканомікі.