У Брэсце мужчына здымаў у пенсіянеркі жыллё, а разлічваўся грашыма, скрадзенымі з яе сейфа
У Брэсце завяршылі расследаванне крымінальнай справы аб крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Пацярпелай стала 87‑гадовая жыхарка горада, якая збірала свае ашчаджэнні на працягу трох дзесяцігоддзяў, паведамляе Следчы камітэт.
Фота ілюстрацыйнае
Паводле матэрыялаў следства, 45‑гадовы ўраджэнец Жабінкі доўгі час арандаваў у пенсіянеркі летні домік на яе прысядзібным участку. Жанчына давярала арандатару, бо ён дапамагаў ёй па гаспадарцы. Але сёлета ў лютым мужчына выпадкова заўважыў, дзе гаспадыня хавае ключ ад сейфа з грашыма.
Скарыстаўшыся з адсутнасці жанчыны, ён адкрыў сейф і забраў частку наяўных. Выкрадзеныя сродкі ён паклаў на свой банкаўскі рахунак, пасля чаго пачаў іх траціць. Пры гэтым за арэнду жылля ён разлічваўся з гаспадыняй яе ж уласнымі грашыма. Калі ж у маі выкрадзеныя сродкі скончыліся, мужчына зноў залез у сейф і забраў яшчэ некалькі тысяч рублёў, якія выкарыстаў для куплі аўтамабіля.
У пачатку чэрвеня пенсіянерка выявіла, што ашчаджэнняў стала менш. Яна недалічылася больш як 45 тысяч рублёў і звярнулася ў міліцыю.
Падчас расследавання абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і добраахвотна кампенсаваў нанесеную шкоду. Яму выстаўлена абвінавачанне ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Па рашэнні пракурора мужчыну ўзялі пад варту да суда.
Чытайце таксама:
У Мінску міліцыя са зброяй затрымлівала трох рэцыдывістаў-гастралёраў
У Гродне мужчына забраў сабе прадукты, якія кур'ер пакінуў для суседа
Мужчына забраў сабаку ў краме, каб пра яго клапаціцца — і атрымаў крымінальную справу