Пад Мінскам адкрылі краму са свежай выпечкай па рэцэптах 1980‑х
У гарадскім пасёлку Мачулішчы з'явілася новая крама з уласнай выпечкай, якая ўжо паспела заваяваць папулярнасць у мясцовых жыхароў. За гарачымі булачкамі і піражкамі сюды выстройваюцца чэргі, піша pristalica.by.
Фота: pristalica.by
Ідэя адкрыцця крамы належыць мясцоваму прадпрымальніку Вазгену Айрапецяну, які больш за 25 гадоў працуе ў сферы гандлю і грамадскага харчавання. Ён вырашыў стварыць месца, дзе людзі маглі б купляць сапраўдную свежую выпечку, якой, паводле яго слоў, не хапала ў пасёлку.
Асаблівасць пякарні — выкарыстанне старых тэхналогій. Тут адмовіліся ад сучасных дабавак, кансервантаў, замарожаных паўфабрыкатаў і разрыхляльнікаў. Цеста гатуюць па рэцэптах і тэхналагічных картах 1980‑х гадоў, выкарыстоўваючы толькі традыцыйныя інгрэдыенты: муку, ваду, цукар, соль і дрожджы.
Для выпечкі паставілі сапраўдныя подавыя печы. Працэс патрабуе шмат часу і працы: каб да 10‑й гадзіны раніцы на прылаўках з'явіліся свежыя булачкі, работнікі пачынаюць працу ўжо каля 6‑й раніцы.
Асартымент крамы даволі шырокі. Тут прадаюць піражкі з капустай і бульбай па 2,20 рубля, з мясам або вяндлінай і сырам — па 2,70 рубля, піражкі з яйкам і цыбуляй — па 2,50 рубля. Таксама ёсць сасіскі ў цесце, піца, лаваш, сырныя праснакі з часнаком.
Для аматараў салодкага прапануюць булачкі з макам і карыцай, смятаннікі, а таксама пончыкі з крэмам і павідлам, якія сталі аднымі з самых папулярных тавараў.
Акрамя выпечкі, магазін працуе як звычайная крама «каля дома»: там можна набыць каўбасы, вэнджаніну, малочныя прадукты, чырвоную рыбу, ікру, сродкі гігіены і канцылярскія тавары.
Новы гандлёвы пункт знаходзіцца ў Мачулішчах на вуліцы Гвардзейскай, 10а.
Чытайце таксама:
У беларускіх кавярнях пачалі прадаваць папулярны польскі дэсерт
Асцярожна: у веганскіх прадуктах удвая больш харчовых дабавак, чым у мясных аналагах
У Мінск-Свеце адкрылася крама, у якой можна замовіць піцу ў касіра. Зробяць за тры хвіліны