У Румыніі збіраюцца спыніць ужо другі энергаблок АЭС праз абмялелы Дунай
Румынская атамная электрастанцыя «Чарнаводэ» рыхтуецца да магчымага спынення другога энергаблока праз беспрэцэдэнтнае абмяленне Дуная. Узровень вады каля станцыі знізіўся да крытычнай адзнакі, а далейшае падзенне можа зрабіць немагчымай нармальную працу сістэмы астуджэння рэактара.
Абмялелы Дунай у Румыніі. Фота: AP Photo/Andreea Alexandru
Паводле інфармацыі румынскіх СМІ, каля АЭС узровень Дуная апусціўся прыкладна да адзнакі мінус 230 сантыметраў. Спецыялісты называюць гэта гістарычным мінімумам. Дырэктар Нацыянальнага ўпраўлення «Воды Румыніі» Сорын Рындашу заявіў, што раней краіна не сутыкалася з настолькі нізкім узроўнем вады і такімі малымі расходамі ракі.
Расход вады Дуная на ўваходзе ў Румынію ўжо знізіўся ніжэй за 1,4 тысячы кубаметраў у секунду. У раёне водазабору АЭС ён можа апусціцца прыкладна да 280 кубаметраў у секунду.
У такой сітуацыі другі рэактар АЭС «Чарнаводэ» могуць кантралявана спыніць раніцай 13 жніўня. Кампанія Nuclearelectrica, якая кіруе станцыяй, ужо паведаміла пра такую магчымасць на біржы. Пры гэтым, паводле іншых звестак, канчатковае рашэнне аб спыненні энергаблока можа быць прынята ўжо 12 жніўня, калі прагнозы адносна далейшага падзення ўзроўню вады пацвердзяцца.
Прычынай магчымай спынення з'яўляецца не няспраўнасць самога рэактара, а недахоп вады для яго нармальнага астуджэння. Калі ўзровень і расход Дуная будуць працягваць зніжацца, эксплуатацыя энергаблока можа стаць немагчымай з пункту гледжання патрабаванняў бяспекі.
Чакаецца, што спыненне рэактара можа працягвацца не менш за два тыдні. Па словах Сорына Рындашу, сітуацыя з малаводдзем наўрад ці істотна палепшыцца ў найбліжэйшы тыдзень. Нават пасля таго, як узровень ракі пачне аднаўляцца, спатрэбіцца дадатковы час, каб ліквідаваць наступствы экстрэмальна нізкага расходу вады і вярнуць станцыю да нармальнай працы.
Сітуацыю ўскладняе адсутнасць істотных ападкаў. У найбліжэйшыя дні дажджоў не чакаецца не толькі ў Румыніі, але і вышэй па цячэнні Дуная, у тым ліку ў Аўстрыі. Таму хуткага натуральнага павышэння ўзроўню вады спецыялісты пакуль не прагназуюць.
Абмяленне Дуная стала вынікам працяглай спёкі і засухі, якая ахапіла Паўднёва-Усходнюю Еўропу. Лета 2026 года ў Румыніі і суседніх краінах стала адным з самых гарачых і сухіх за апошнія дзесяцігоддзі. У некаторых раёнах тэмпература паветра перавышала 40 градусаў.
Экстрэмальная спякота прывяла не толькі да рэзкага скарачэння водных рэсурсаў, але і да іншых праблем. У краіне павялічылася колькасць лясных пажараў, пагоршылася сітуацыя ў сельскай гаспадарцы, знізілася ўраджайнасць. Адначасова рэзка ўзрос попыт на электраэнергію, бо людзі і прадпрыемствы актыўна выкарыстоўваюць кандыцыянеры.
У выніку румынская энергасістэма можа сутыкнуцца адразу з дзвюма праблемамі: павышаным спажываннем электрычнасці і магчымым скарачэннем уласнай генерацыі праз спыненне другога рэактара «Чарнаводэ».
Міністэрства энергетыкі Румыніі ўжо падрыхтавала меры для кампенсацыі страчаных магутнасцяў. Сярод іх — павелічэнне імпарту электраэнергіі, выкарыстанне дадатковых магчымасцяў гідраэлектрастанцый кампаніі Hidroelectrica і вяртанне з рэзерву чацвёртага энергаблока электрастанцыі ў Равінары.
Калі сітуацыя стане яшчэ больш напружанай, улады не выключаюць магчымасці часовага абмежавання спажывання электраэнергіі буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі ў вячэрнія гадзіны, калі нагрузка на энергасістэму найбольшая.
Насельніцтва і прадпрыемствы таксама заклікалі добраахвотна ашчаджаць электраэнергію, каб знізіць нагрузку на сетку ў перыяд экстрэмальнай спякоты і магчымай страты часткі генерацыйных магутнасцяў.
Праблемы могуць закрануць і газавы рынак. Калі другі рэактар «Чарнаводэ» будзе спынены, частку недастатковай выпрацоўкі электраэнергіі давядзецца кампенсаваць за кошт цеплавых электрастанцый. Для іх спатрэбіцца дадатковы прыродны газ.
Паводле румынскіх СМІ, гэта можа паўплываць і на падрыхтоўку краіны да наступнага ацяпляльнага сезона. Частка газу, які першапачаткова планавалася выкарыстаць пазней, можа быць перанакіраваная на вытворчасць электраэнергіі. У выніку пачатак ацяпляльнага сезона тэарэтычна можа адбыцца пазней за звычайны.
Тым часам спецыялісты спрабуюць павялічыць даступны аб'ём вады каля АЭС. На праблемных участках Дуная праводзяцца работы па расчыстцы і паглыбленні рэчышча. Аднак гэтыя меры ўжо не здольныя цалкам прадухіліць магчымае прыпыненне рэактара, калі ўзровень вады працягне падаць.
Затое праведзеныя работы могуць дапамагчы хутчэй аднавіць працу энергаблока пасля павышэння ўзроўню вады. Паводле слоў Сорына Рындашу, паглыбленне рэчышча дазволіць скараціць перыяд прастою прыкладна на два-тры дні пасля таго, як расход вады ў Дунаі пачне аднаўляцца.
За апошнія сем дзён з рэчышча ракі ў праблемных месцах ужо дасталі каля 100 тысяч кубаметраў грунту. Работы працягваюцца.
Чытайце таксама:
У Румыніі кантралявана падарвалі Дунай, каб скіраваць паток вады на АЭС
У Венгрыі і Румыніі з-за спёкі і абмялення Дуная спынілі атамныя рэактары
Чэрвень і ліпень у Заходняй Еўропе сталі самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіранняў