БЕЛ Ł РУС

Расія ставіць Арменіі ультыматум — да снежня вызначыцца з рэферэндумам

11.08.2026 / 22:04

Nashaniva.com

Намеснік міністра замежных спраў Расіі Міхаіл Галузін заявіў, што да снежня Арменія павінна вызначыцца з пытаннем правядзення рэферэндуму аб выбары паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам.

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян

Паводле слоў расійскага намесніка міністра, калі Ерэван не прыме рашэнне аб рэферэндуме, кіраўнікі ЕАЭС у снежні ўлічаць гэта пры выпрацоўцы далейшых сумесных дзеянняў у дачыненні да Арменіі. Таксама ім павінны прадставіць ацэнку магчымых наступстваў выхаду краіны з ЕАЭС.

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян раней заяўляў, што праводзіць рэферэндум да атрымання краінай статусу кандыдата на ўступленне ў ЕС няма сэнсу. На яго думку, армянскія грамадзяне павінны выбіраць паміж ЕАЭС і рэальнай альтэрнатывай, а пакуль статус кандыдата не атрыманы, такой альтэрнатывы няма.

Расійскі бок прапануе паставіць пытанне перад армянскімі выбаршчыкамі ўжо цяпер — ці гатовыя яны адмовіцца ад членства ў ЕАЭС дзеля перспектывы ў будучыні далучыцца да ЕС.

Адначасова Масква патрабуе ад Ерэвана аднавіць фінансаванне Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Галузін заявіў, што адмова Арменіі ўдзельнічаць у працы АДКБ і падпісваць рашэнні арганізацыі не вызваляе яе ад абавязку плаціць членскія ўнёскі.

Расійскі дыпламат таксама папярэдзіў, што Рада калектыўнай бяспекі АДКБ можа абмежаваць паўнамоцтвы Арменіі. Адпаведнае пытанне плануецца разгледзець 11 лістапада ў Маскве. Сярод магчымых мер — пазбаўленне Арменіі права голасу і магчымасці вылучаць сваіх прадстаўнікоў на квотныя пасады ў арганізацыі.

Арменія фактычна замарозіла свой удзел у АДКБ яшчэ ў лютым 2024 года. У маі таго ж года Ерэван адмовіўся фінансаваць працу арганізацыі, аргументуючы гэта тым, што АДКБ не аказала Арменіі неабходнай дапамогі падчас канфлікту з Азербайджанам вакол Нагорнага Карабаха.

У 2026 годзе Масква ўжо неаднаразова заяўляла пра магчымасць пакараць Арменію за запазычанасць перад АДКБ. У чэрвені кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў казаў, што краіны арганізацыі могуць выкарыстаць адпаведныя палажэнні яе статута.

Адносіны паміж Масквой і Ерэванам апошнім часам істотна пагоршыліся на фоне пераарыентацыі Арменіі на Еўропу. Пашынян усё больш адкрыта выступае за збліжэнне з ЕС і крытычна выказваецца адносна Расіі. У маі ён не паехаў у Маскву на парад 9 мая і заявіў, што Арменія не падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны.

У адказ расійскія ўлады пачалі ўводзіць абмежаванні на пастаўкі некаторых армянскіх тавараў. Уладзімір Пуцін таксама заклікаў Арменію вызначыцца са сваім знешнепалітычным курсам праз рэферэндум і папярэджваў Ерэван пра магчымыя наступствы збліжэння з Еўрасаюзам, спасылаючыся на прыклад Украіны.

Чытайце таксама:

Пашынян іранічна прыгадаў Лукашэнку словы пра «непатрэбных армян»

Пуцін заклікаў Арменію правесці рэферэндум аб членстве ў ЕС

Еўрасаюз плануе адмяніць мыты на большасць прадукцыі з Арменіі

Пашынян публічна назваў аднаго са сваіх апанентаў «прабеларускім алігархам»

У Расіі працягваюць шукаць, чым яшчэ можна ўкалоць Арменію

Каментары да артыкула