Пашынян публічна назваў аднаго са сваіх апанентаў «прабеларускім алігархам»
Прэм'ер-міністр Нікол Пашынян 17 чэрвеня з трыбуны парламента прыгразіў лідарам апазіцыі — кіраўніку партыі «Моцная Арменія» Самвелу Карапецяну, лідару альянсу «Арменія» Роберту Качарану і кіраўніку партыі «Квітнеючая Арменія» Гагіку Царукяну, паведамляе Армянская служба «Радыё Свабода».

Не ў першы ўжо раз сцвярджаючы, што гэтыя палітыкі набралі больш за 500 тысяч галасоў шляхам подкупу выбаршчыкаў, Пашынян заклікаў тых, хто не згодны з ягоным падыходам, выходзіць на вуліцу.
«Качаран, калужскі алігарх [Самвел Карапецян] і прабеларускі алігарх [Гагік Царукян] павінны быць знішчаныя ў сваім жа логаве. Пакуль я з'яўляюся прэм'ер-міністрам, я буду знішчаць іх адрасна, я знішчу іх адрасна! Тых грамадзян, якія не згодныя з гэтай лініяй, я заклікаю зрабіць рэвалюцыю ў Арменіі і змяніць урад. Як я і казаў у 24‑м годзе, што Карабахскі рух не будзе працягнуты, — хто не згодны, заклікаю выходзіць на вуліцу. Спыніць гэты працэс іншымі сродкамі немагчыма», — заявіў Пашынян.
Заявы Пашыняна прагучалі на фоне працяглага супрацьстаяння паміж уладамі і апазіцыяй, якое абвастрылася пасля падзей вакол Нагорнага Карабаха і спрэчак наконт будучага развіцця армянскай дзяржавы. Апазіцыйныя сілы рэгулярна крытыкуюць урад за яго палітыку ў сферы бяспекі і знешніх адносін, а прадстаўнікі ўлады абвінавачваюць апанентаў у карупцыі і выкарыстанні старых алігархічных схем уплыву.
Нядаўна ў Арменіі прайшлі парламенцкія выбары, на якіх упэўненую перамогу атрымала партыя Пашыняна «Грамадзянскі дагавор», якая атрымала ў новым парламенце больш за 60% галасоў. Палітычная сіла названага «прабеларускім алігархам» Гагіка Царукяна зусім крыху не пераадолела выбарчы бар'ер і не трапіла ў парламент.
Сувязі Гагіка Царукяна з Аляксандрам Лукашэнкам — даўнія і публічныя. У маі 2026 года бізнэсмен сказаў: «Лукашэнка — мой сябар, родны мне чалавек». Пасольства Беларусі ў Арменіі знаходзіцца не ў сталіцы, а ў сяле Арындж побач з маёнткам Царукяна. Бізнэсмену належыць доля ў беларуска-армянскім каньячным прадпрыемстве, а ў студзені 2024 года да яго прыязджаў Віктар Лукашэнка.
Адзін з падарункаў Царукяна звязаны непасрэдна з сынам беларускага кіраўніка. Падчас афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Ерэван у 2010 годзе бізнэсмен падарыў ягонай сям’і 400‑літровую бочку каньяку «Арарат». Яе захоўваюць у падвалах Ерэванскага каньячнага завода і, паводле паведамленняў, плануюць адкаркаваць у дзень вяселля Колі Лукашэнкі, якое пакуль не адбылося.
10 чэрвеня, праз тры дні пасля выбараў, супраць Царукяна завялі крымінальную справу па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва вялікай суме і забаранілі яму выязджаць з краіны. Адвакат палітыка лічыць пераслед незаконным і неабгрунтаваным.
Каментары
Таму дакладней не пра беларускім, а пра лукашэнашскім, ці пра расейскім.
Бо лука сам беларусафоб і ненавідзіць беларускую мову, культуру, гісторыю і беларускі народ. Такіх называць "пра беларускімі" памылкова. Яны пра лукашэнаўскія, прарасейскія, манекуртскія. Хто заўгодна, але не пра беларускія.
выбачайце за інтымнае пытаннечка - а колькі коле ў 2010 годзе было год?