Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян згадаў Аляксандра Лукашэнку ў сувязі са сказанымі ім у 2024 годзе словы пра тое, што, маўляў, «армяне нікому не патрэбныя», акрамя Расіі і яе партнёраў на постсавецкай прасторы. Ён узгадаў пра гэта, разважаючы пра выбар паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам (ЕАЭС), паведамляе Panorama.am.

«Чаму ў якасці перадумовы пастаянна зыходзяць з таго, што мы — «кепскі партнёр»? Каму і што кепскага зрабіла Рэспубліка Арменія, што прэзідэнт Беларусі заявіў: «Ды каму патрэбна Арменія?» Як можна так казаць пра суверэнную краіну?» — абурыўся Пашынян.
Ён выказаў перакананне, што Арменія «патрэбная Кітаю, ЗША, ЕС, Ірану, Грузіі, Францыі, Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі» — гэтак жа сама, як і ўсе гэтыя партнёры патрэбныя самой Арменіі.
Пашынян нагадаў, што Арменія падпісала дакументы аб стратэгічным партнёрстве з Кітаем, ЗША, Вялікабрытаніяй, Нідэрландамі, Францыяй і мноствам іншых краін. Такой колькасці партнёраў у яе раней не было, адзначыў ён.
«Расія бачыць праблему менавіта ў гэтым: альбо адносіны павінны быць эксклюзіўнымі, альбо адносін быць не павінна. Мы не прымаем такі падыход», — сказаў кіраўнік армянскага ўрада.
У жніўні 2024 года Лукашэнка раскрытыкаваў палітычны курс Ерэвана ў інтэрв'ю журналісту і дэпутату Дзярждумы Яўгену Папову на тэлеканале «Расія». Ён тады супрацьпаставіў Беларусь іншым постсавецкім дзяржавам, якія пачынаюць «віхляць» і «ад Расіі хочуць чагосьці ўзяць, а ўзамен нічога не даць».
«Каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому. Яны нікому не патрэбныя. Хай развіваюць сваю эканоміку і засяродзяцца на тым, што ў іх ёсць. Якая Францыя, які Макрон? Заўтра Макрона не будзе, і ўсе забудуць пра гэтую Арменію», — заявіў тады Лукашэнка.
Ягоныя словы выклікалі вялікае абурэнне ў Арменіі і спрычыніліся да моцнага пагаршэння ўзаемных адносін, якое актуальнае да гэтага часу.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары