БЕЛ Ł РУС

Каб не адключаць сваю АЭС, у Венгрыі тэрмінова мяняюць дно Дуная

12.08.2026 / 17:23

Nashaniva.com

У Венгрыі вырашылі тэрмінова змяніць рэчышча Дуная каля АЭС «Пакш», каб не дапусціць крытычнага падзення ўзроўню вады і аварыйнага спынення станцыі, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Змялелы Дунай у Будапешце. Фота: AP Photo/Bela Szandelszky

Прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр паведаміў, што ўрад даручыў пачаць работы ўжо 13 жніўня. Прычынай сталі спякота і рэзкае абмяленне Дуная, якое стварае праблемы з забеспячэннем АЭС вадой для сістэмы ахалоджвання.

Плануецца збудаваць на дне ракі своеасаблівую перамычку-парог, якая злучыць два берагі Дуная паміж АЭС «Пакш» і горадам Дунасентбенедэк. Яна павінна затрымаць частку вады і не дапусціць далейшага зніжэння яе ўзроўню каля станцыі.

На першым этапе для будаўніцтва плануюць выкарыстаць каля 35 тысяч кубаметраў каменю, а затым дадаць яшчэ каля 110 тысяч кубаметраў. Папярэдні кошт праекта ацэньваецца прыкладна на 6 мільярдаў форынтаў (каля 19 мільёнаў даляраў).

Улады разлічваюць, што збудаванне дазволіць на працягу некалькіх тыдняў падтрымліваць узровень вады ў ахаладжальным канале АЭС не ніжэй за адзнаку мінус 90 сантыметраў. Гэта павінна даць магчымасць станцыі працягваць працаваць на поўную магутнасць.

Паралельна венгерскія ўлады рыхтуюць яшчэ адну экстранную меру. Да Пакша накіроўваюць дзве 80‑метровыя баржы, якія ў выпадку неабходнасці плануюць кантралявана затапіць у рацэ. Паводле разлікаў урада, гэта можа часова падняць узровень Дуная прыкладна на 20 сантыметраў і дазволіць не дапусціць поўнага спынення АЭС, пакуль будзе будавацца пастаянны парог.

Першая баржа павінна прыбыць у Пакш з Мохача ўвечары 12 жніўня, другая — на наступны дзень.

Мадзьяр заявіў, што будаўніцтва парога і падрыхтоўка баржаў будуць выкарыстоўвацца адначасова як два ўзаемадапаўняльныя механізмы. Урад лічыць іх найбольш эфектыўным і бяспечным спосабам прадухіліць праблемы з працай АЭС ва ўмовах нізкага ўзроўню вады.

Сітуацыя з Дунаем стала асабліва вострай на фоне працяглай спякоты. Яшчэ 6 жніўня ў Венгрыі ўвялі надзвычайныя меры па эканоміі электраэнергіі. Петэр Мадзьяр таксама крытыкаваў папярэднія ўлады, заявіўшы, што яны не забяспечылі дастатковай дыверсіфікацыі энергасістэмы на выпадак праблем з АЭС «Пакш».

Чытайце таксама:

У Румыніі збіраюцца спыніць ужо другі энергаблок АЭС праз абмялелы Дунай

У Румыніі кантралявана падарвалі Дунай, каб скіраваць паток вады на АЭС

У Венгрыі і Румыніі з-за спёкі і абмялення Дуная спынілі атамныя рэактары

Чэрвень і ліпень у Заходняй Еўропе сталі самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіранняў

Рэйн паставіў рэкорд абмялення за ўсю гісторыю назіранняў

Каментары да артыкула